“У газеце цаню дзелавую інфармацыю”. Наш падпісчык Андрэй Шкода падзяліўся сваімі думкамі пра “Дзянніцу”, расказаў пра абраную прафесію і арыенціры на здаровы лад жыцця

 

Па адрасе, дзе жыве маладая сям’я шчучынцаў Андрэя і Вольгі Шкода, прыходзяць адразу два перыядычныя выданні: рэспубліканская газета “Беларусь сёння” і раённая – “Дзянніца”. Цікавасць да раёнкі асаблівая: яна ж свая – пра падзеі і людзей, што навідавоку!

 

– Першы раз узяў у рукі “Дзянніцу” яшчэ ў маленстве. Яе заўжды выпісвала і з захапленнем чытала (ды і зараз чытае!) мая бабуля Галіна Сямёнаўна Шкода. Усё дзяцінства прайшло там, на вуліцы Чапаева, дзе паблізу аэрадром і рамантыка неба. Цікава чытаць на старонках газеты пра тых, хто служыў калісь на ваенным аэрадроме, пра гісторыю шчучынскай авіяцыі, яе аднаўленне дзякуючы аматарам-энтузіястам.
Аднак сам Андрэй Шкода выбраў прафесію “зямную” і стваральную. Паспяхова закончыўшы аддзяленне прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва у Гродзенскім політэхнічным каледжы, ён вярнуўся ў родны горад. Маладога чалавека, які добра зарэкамендаваў сябе падчас студэнцкай практыкі, ахвотна прынялі на работу ў Шчучынскую МПМК-167.

 

– Пачынаў з абавязкаў майстра, вучыўся, набіраўся вопыту, а зараз працую прарабам, – расказвае Андрэй Андрэевіч. – У адказе за работу дзвюх брыгад аддзелачнікаў. Гэта плітачнікі, цесляры, маляры. Зараз мы напружана працуем у Шчучыне па вуліцы Заводскай, дзе ў хуткім часе наша будаўнічая арганізацыя здасць у эксплуатацыю чарговы жылы дом. Увогуле работы вельмі многа. Далей будзем займацца ўнутранымі работамі дванаццаці кватэр у аграгарадку Васілішкі, дзе ідзе рэканструкцыя будынка былога дзіцячага садка пад жылы дом. Хутка адкрыецца фронт работ для аддзелачнікаў і на малочнатаварнай ферме ў Бераставіцкім раёне. Гэты маштабны аб’ект таксама ўзводзіць наша МПМК-167.

 

За гады работы Андрэй Шкода яшчэ больш упэўніўся, што зрабіў у сваім жыцці правільны выбар. Прафесія хоць і не з лёгкіх, але яму падабаецца. Ганарыцца Андрэй Андрэевіч і сваёй будаўнічай арганізацыяй, якая дарасла да такога ўзроўню, што шчучынскім спецыялістам давяраюць самыя складаныя і адказныя аб’екты.

 

– Да сёлетняга свята “Дажынкі” МПМК-167 правяла маштабную рэканструкцыю Дома культуры ў Бераставіцы. Працоўная раніца ў нашай каманды пачыналася а палове сёмай, а вярталіся дамоў пасля дзевяці вечара, але аб’ект здалі ў тэрмін, дый атрымаўся ён, як сапраўдны палац, – ганарыцца прараб. – Вось тады, скажу шчыра, ні хвілінкі вольнай не было, каб чытаць газету, але нават па дарозе на будаўнічую пляцоўку можна зазірнуць на сайт “Дзянніцы” і быць у курсе ўсіх асноўных падзей у рэгіёне. Заўжды з цікавасцю сачу за фотарэпартажамі з цікавых мерапрыемстваў, бо не ўсюды даводзіцца пабываць асабіста. Люблю замалёўкі пра нашых сучаснікаў-прафесіяналаў і маладых спецыялістаў. Вельмі цаню ўсялякага роду дзелавую інфармацыю: пэўныя бытавыя пытанні можна вырашыць, пазнаёміўшыся з рэкламай паслуг і аб’явамі. Раённая газета – вельмі патрэбнае людзям выданне.

 

Дарэчы, Андрэй, Вольга і іх 9-гадовая дачушка-гімназістка Ганначка таксама былі героямі нашай газетнай публікацыі. У кастрычніку яны заваявалі бліскучую перамогу ў раённым спартыўным фестывалі “Тата, мама, я – здаровая сям’я” і дастойна прадстаўлялі Шчучыншчыну на абласным узроўні. У Гродне ў спаборніцтве сярод 12 сямейных камандаў па колькасці ачкоў Шкоды занялі чацвёртае месца.

 

У свой час Андрэй не прамяняў вернасць малой радзіме на яркія агні мегаполісаў. Упэўнены, што можна выдатна жыць і ў райцэнтры, калі ёсць дастойная работа, любімая сям’я, развіваецца гарадское асяроддзе.

 

 – Люблю Шчучын, які ў апошнія гады радуе добрымі пераменамі. Вельмі каштоўна, што ствараюцца ўмовы для здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам. Удасканальваецца інфраструктура і на школьным стадыёне ў цэнтры горада, і на “Алімпе”, дзейнічае спарткомплекс па вуліцы Авіятараў, ёсць магчымасць наведваць трэнажорныя залы. Мы вельмі любім займацца фізкультурай усёй сям’ёй. У бліжэйшых планах – выйсці на лыжную прагулку.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!