Ад беспрацоўнага да індывідуальнага прадпрымальніка: як пайсці ў бізнес?

Аляксандр Георгіевіч Карабач з тых жыхароў раёна, якія сёлета атрымалі субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Між іншым, добрую параду звярнуцца ў раённую службу занятасці даў яму знаёмы, які на сваім прыкладзе ведае, наколькі дарэчы такая фінансавая падтрымка, калі ёсць жаданне заняцца ўласнай справай.
– Я звярнуўся ў службу занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, зарэгістраваўся ў якасці беспрацоўнага, – расказвае А.Г. Карабач. – Потым прайшоў навучанне на курсах, склаў бізнес-план, заключыў дагавор аб прадастаўленні субсідыі і хутка атрымаў яе. На выдзеленыя сродкі, у маім выпадку гэта 3 тысячы беларускіх рублёў, набыў неабходны інструмент – перфаратар, міксер, балгарку і іншае начынне, неабходнае для работы. Канешне, каб мець поўную інструментальную экіпіроўку, дабавіў уласныя грошы.
Па словах “маладога” індывідуальнага прадпрымальніка, работы хапае, ад кліентаў адбою няма. Але ён робіць акцэнт: гэта не шанцаванне, а вынік папярэдняй працоўнай дзейнасці. Справа ў тым, што за плячыма ў Аляксандра Карабача – багаты вопыт работы, у тым ліку ў будаўнічай сферы. У прыватнасці, перад тым, як рашыцца заняцца ўласнай справай, мужчына 14 год працаваў у МПМК-167. Там пачынаў плітачнікам 2-га разраду, дарэчы, за знаёмства з азамі спецыяльнасці вельмі ўдзячны калегу Міхаілу Мацкевічу, а потым пяць год кіраваў брыгадай аддзелачнікаў. Прызнаецца, што не проста далося рашэнне развітацца з прадпрыемствам і калегамі: “Чалавек жа “прырастае” да аднаго месца. Ды і калектыў быў добры”.
А першыя навыкі работы ў будаўніцтве Аляксандр Георгіевіч набыў яшчэ ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Замацаваў іх, калі ўзводзіў уласны дом у вёсцы Буйвічы. “Наймаць майстра было не па кішэні, давялося ўсё рабіць сваімі рукамі”, – успамінае ён. Кажа, калі будаўнічую сферу “хісталі” крызісы, не раз прыходзіла думка заняцца ўласнай справай. Дарэчы, і ў такія моманты масцеравы чалавек не сядзеў, склаўшы рукі, а на дагаворнай аснове наводзіў бытавы і вытворчы марафет у арганізацыях і на прадпрыемствах. Якасць работы задавальняла, пагалоска пра добрага спецыяліста разыходзілася хутка і далёка, захаваліся кантакты, таму сёння А.Г. Карабач у заказчыках недахопу не мае. Вось і пасля нашай з ім размовы ён спяшаўся на гаспадарчы аб’ект, дзе цяпер займаецца ўкладкай пліткі і рамонтам фасада будынка. Дарэчы, у планах прадпрымальніка стварыць рабочыя месцы і для іншых людзей.
Нудны дзень да вечара, калі рабіць нечага. Аляксандр Георгіевіч ад такой “хваробы” не пакутуе. Хаця, прызнаецца, у апошні месяц алгарытм працоўнай дзейнасці змяніўся: “Цяпер самому трэба і планаваць, і дамаўляцца, і работу арганізоўваць. Ніхто не прыйдзе і не зробіць. Таму самадысцыпліна павінна быць жорсткая”. Мяркую, да гэтых слоў павінны прыслухацца людзі, якія хочуць заняцца любой уласнай справай.
Дарэчы, працавітасць і прыстойнасць у прадстаўнікоў роду Карабачоў – рыса спадчынная. Дзед Аляксандра быў у Вялікім Мажэйкаве масцеравым чалавекам, а яго бацька – Георгій Іванавіч – падчас працы на мясцовым заводзе сельгасінвентару меў славу выдатнага сталяра і токара. “Яму заказы і з “Беларусьфільма” паступалі – карэты рабіў”, – успамінае сын. Дастойнымі прадаўжальнікамі роду сталі сыны Аляксандра Георгіевіча: адзін працуе ў будаўнічай фірме, а другі праявіў схільнасць да мастацкай творчасці. Пайсці ў бізнес мяркуе і дачка, якая вывучылася на эканаміста. Дарэчы, рамесніцкай дзейнасцю займаецца і жонка прадпрымальніка.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!