У Астрыне завяршылася рэканструкцыя аператыўна-эксплуатацыйнага пункта Шчучынскага РЭС
У Астрыне пасля маштабнай рэканструкцыі запрацаваў аператыўна-эксплуатацыйны пункт Шчучынскага РЭС. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага вытворчага аб’екта прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі і генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Уладзіміравіч Шатэрнік.
– У рамках рэалізацыі гэтага праекта быў прыведзены ў належны стан адміністрацыйны будынак АЭП, пабудаваны склад, гаражы і навес для транспарту, прылеглая тэрыторыя заасфальтавана і абнесена новай агароджай, – гаворыць Аляксей Валянцінавіч Садоўскі. – Вось такі цудоўны падарунак атрымалі нашы энергетыкі ад РУП “Гроднаэнерга” да 80-годдзя Шчучынскага раёна. І яны сапраўды заслужылі яго сваёй добрасумленнай працай!
Цёплыя словы ў адрас работнікаў Шчучынскага РЭС выказаў і генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Уладзіміравіч Шатэрнік:
– Менавіта на Шчучыншчыне ў 1979 годзе я пачаў сваю прафесійную дзейнасць і адпрацаваў 13 гадоў, тут стварыў сям’ю, таму лічу гэту зямлю роднай! Вельмі прыемна бачыць, як яна квітнее і развіваецца. На рэканструкцыю аператыўна-эксплуатацыйнага пункта ў Астрыне было затрачана звыш мільёна рублёў, аднак гэтыя сродкі рэалізаваны граматна і з розумам. Для людзей створаны камфортныя ўмовы працы: акрамя ўтульных рабочых кабінетаў тут пабудаваны душавыя кабінкі, адноўлены санвузел, ёсць пакой для адпачынку і прыёму ежы. Упэўнены, гэтыя перамены пазітыўна адаб’юцца на настроі ўсяго калектыву АЭП, які бесперабойна забяспечвае сваіх абанентаў электраэнергіяй і заўсёды выконвае пастаўленыя перад ім задачы. Аб высокай якасці работы шчучынскіх энергетыкаў гаворыць адсутнасць скаргаў з боку насельніцтва. Так трымаць!
Ажыццявіць гэты маштабны праект было б немагчыма без працы будаўнікоў МПМК-167, якія ў той дзень таксама прымалі шчырыя словы падзякі. Кіраўнік гэтай будаўнічай арганізацыі Аляксандр Аляксандравіч Смірноў уручыў сімвалічны ключ ад рэканструяванага аператыўна-эксплуатацыйнага пункта старшаму майстру Мечыславу Іванавічу Жуку. Затым ва ўрачыстай абстаноўцы была перарэзана чырвоная стужка.
– У бягучым годзе работы на астрынскім АЭП працягнуцца, – падкрэслівае начальнік Шчучынскага РЭС Аляксандр Паўлавіч Асовік. – Плануем замяніць частку абсталявання на самой падстанцыі, каб павысіць эфектыўнасць яе работы.
Дарэчы, адноўлены аператыўна-эксплуатацыйны пункт – гэта толькі першая ластаўка пазітыўных перамен, якія чакаюць Астрыну. Сёлета ў гэтым населеным пункце, які ўключаны ў спіс пасёлкаў будучыні, будзе рэалізаваны шэраг сацыяльна значных праектаў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.