Свята жыве ў кожным дзіцячым сэрцы. Акцыя “Нашы дзеці” завітала ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Астрыне

 

Падарыць радасць і напоўніць сэрцы чароўным духам – такія галоўныя мэты дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. У рамках гэтай ініцыятывы ў нашым раёне прайшло ўжо нямала мерапрыемстваў. І вось нядаўна акцыя завітала ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Сокалаў і Блінковых ў Астрыне.

 

У госці да дзетак з падарункамі і віншаваннямі прыехалі Дзядуля Мароз і Снягурка ў суправаджэнні старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксея Садоўскага, намесніка старшыні Таццяны Цюсінай і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Паўла Тарчынскага. Таксама да прадстаўнікоў раённай улады далучыліся супрацоўнікі ТАА “Праймілк” на чале з дырэктарам прадпрыемства Анатолем Бяляўскім.

 

 

Дзіцячы дом сямейнага тыпу – гэта не проста месца, дзе жывуць і выхоўваюцца дзеці. Тут асаблівая канцэпцыя, і гэта адразу ж адчуваецца пры пераходзе праз парог. У прасторных дамах пануе шчырая сямейная атмасфера, са сваімі сталымі традыцыямі. Ні адно дзіцё не абдзелена ўвагай, а лагода і пяшчота ахінаюць іх на кожным кроку. Усё як і павінна быць у сапраўднай сям’і, у гэтым упэўніліся госці.

 

 

Надзея і Мікалай Блінковы зараз апякаюць шасцёра дзетак, а ў сям’і Наталлі і Віктара Сокал дзевяць выхаванцаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі маюць шмат талентаў: хтосьці выдатны спартсмен, нехта паказвае добрыя вынікі ў навуцы, таксама ёсць тут і сапраўдныя артысты. Часта ў Астрыну пагасціць прыязджаюць выпускнікі дзіцячых дамоў, яны з удзячнасцю і цеплынёй ставяцца да гэтага месца.

 

Шчырыя пажаданні дзецям і словы падзякі дарослым гучалі ад ганаровых гасцей. Яны, дарэчы, прыехалі не з пустымі рукамі. Прыемнымі падарункамі для сем’яў сталі сертыфікаты на набыццё канвекцыйных печаў і іншай бытавой тэхнікі, што дазволіць выхаванцам дзіцячых дамоў пашырыць свае навыкі ў кулінарыі і займацца выпечкай. Вядома ж, не абышлося без салодкіх гасцінцаў ад Беларускага дзіцячага фонду. Таксама парадавалі хлопчыкаў і дзяўчынак наборы са слодычамі, канцылярыяй і фірмовай прадукцыяй ад ТАА “Праймілк”. 

 

Дзеці былі шчыра ўзрадаваныя падарункамі і аддзячылі сваіх гасцей цёплымі словамі падзякі і нават канцэртам з вершыкамі і песнямі. Сустрэча ператварылася ў сапраўднае свята, асалоду ад якога атрымалі ўсе. Пасля ўдзельнікі мерапрыемства шчыра пагутарылі за гасцінна накрытым сталом.

 

 

Падрабязней пра мэты і перспектывы акцыі “Нашы дзеці” нам расказала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

– Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ўжо доўгі час праводзіцца ў нашай краіне. Яе галоўнай задачай з’яўляецца тое, каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі  былі ахоплены ўвагай напярэдадні светлых зімовых свят, калі ўсім хочацца цудаў, цеплыні і дабрыні. У першую чаргу гэта акцыя накіравана на дзяцей, якія чымсьці абдзелены. На наступным тыдні мы будзем наведваць іншыя дамы-інтэрнаты нашага раёна. Але таксама ў рамках акцыі праводзяцца мерапрыемствы і для таленавітай моладзі. Хацелася б заклікаць не толькі грамадскія арганізацыі, але і работнікаў усіх іншых прадпрыемстваў далучыцца да гэтай шчырай ініцыятывы, як гэта сёння зрабіў калектыў ТАА “Праймілк”. За што ім шчыры дзякуй.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!