Астрынчане і госці пасёлка адзначылі 150-гадовы юбілей славутай паэткі і пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

 

Урачыста, прыгожа і разам з тым душэўна і па-сямейнаму цёпла прайшло свята паэзіі «У госці да Алаізы», прысвечанае 150-гадоваму юбілею славутай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), у гарадскім пасёлку Астрына. На прыгожай цэнтральнай пляцоўцы сабраліся не толькі астрынчане, але і госці, якія прыехалі, каб прыняць удзел у гэтым свяце беларускага слова.

 

Глыбока сімвалічна, што такая круглая дата з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі адзначаецца ў Год беларускай жанчыны, таму што менавіта Цётка – адна з першых і самых яркіх зорак жаночай беларускай паэзіі. І вось гэта гарачае шчырае слова нашай зямлячкі, слова, якое вучыла і вучыць любіць сваю Радзіму, шанаваць сваю мову і ганарыцца сваімі вытокамі і гучала падчас  душэўнага свята.

 

 

Вельмі кранальнай атрымалася тэатральная пастаноўка  «Песня сэрца», якая і задала тон усяму святу. Яе падрыхтавалі ўдзельнікі народнага паэтычнага тэатра «Волат» і ўзорнай тэатральнай студыі «Звычайны цуд».  Лейтматыў усяго дзейства – творы Цёткі будуць жыць вечна!

 

 

Шчыра вітала ўсіх удзельнікаў мерапрыемства старшыня Астынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч:

 

-- Вельмі рада бачыць столькі люду на нашай пляцоўцы ў нашым цудоўным парку. Калі нараджаецца немаўля, яго маці з нецярпеннем чакае яго першага слова. На самай справе слова мае вялікую моц.  Як пісаў вядомы савецкі паэт і празаік Вадзім Шэфнер «словом можно убить, словом можно спасти, словом можно полки за собой повести».  Так і  Алаіза Пашкевіч дзейнічала менавіта словам: словам яна вучыла пісьменнасці маленькіх дзяцей, словам наказвала моладзі любіць сваю краіну. Яе слова не губляе сваёй актуальнасці і ў нашы дні. Напэўна, менавіта таму сёння на яе свяце нават у такім не вельмі вялікім пасёлку  сабралася столькі народу.

 

 

І беларускае слова, сапраўды, гучала! Уласныя вершы, прысвечаныя Цётцы, чыталі мясцовыя паэткі Таццяна Чарняк і Ганна Сцяпанчанка. На свята да Алаізы завіталі таксама даўнія сябры і частыя госці астрынчан – старшыня Гродзенскага аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі паэтка, празаік Людміла Кебіч і Ганна Скаржынская-Савіцкая, якая родам з суседняй вёскі Куцы Лес. Яна піша вершы не толькі для дарослых, але і для дзяцей і сама займаецца ілюстрацыяй сваіх зборнікаў. У гэты дзень адбылося і новае знаёмства: упершыню прыехала ў Астрыну паэтка Вольга Алізар. 

 

 

-- Шчыра вітаю вас і віншую з цудоўным святам – 150-годдзем з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, -- звярнулася да удзельнікаў урачыстасці  Людміла Кебіч. -- Яна першая з жанчын стала паэткаю, першая з жанчын дбала аб моладзі, яна шмат вандравала і ўсюды назірала, як жылі людзі. Яна вельмі хацела, каб і ў нашай Беларусі было не горш, каб наша родная Беларусь квітнела. Сёння, у Год беларускай жанчыны, мы як ніколі часта  ўспамінаем нашу Алаізу. І гаворым пра тое, што мы бяром з яе прыклад, чытаем яе творы, удзельнічаем у конкурсах под эгідай яе імені і пішам ёй прысвячэнні, наталяючыся і натхняючыся яе вершамі.

 

 

Людміла Антонаўна прачытала ўрыўкі са сваёй паэмы «Запалі лучыну, маці», якую  прысвяціла Цётцы. Свае творы чыталі таксама Ганна Скаржынская-Савіцкая і Вольга Алізар.

 

 

Паэты-прафесіяналы ўвайшлі ў склад журы, якое ацэньвала выступленне ўдзельнікаў конкурсу чытальнікаў «Песня жаночага сэрца». Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны Яўгеній Майсей, які прапанаваў слухачам верш уласнага сачынення. На другім месцы – прадстаўніца Астрынскага сельвыканкама Аляксандра Уроніч, а пераможцай стала Ілона Фірыновіч.

 

 

Напярэдадні паэтычнага свята былі аб'яўлены творчыя конкурсы, уздел у якіх прымалі жыхары пасёлка, калектывы ўстаноў і арганізацый. Вынікі конкурсаў падводзіла кампетэнтнае журы.

 

 

У конкурсе фларыстычных кампазіцый з жывых кветак «Букет для Алаізы» 3 месца заняла Жанна Стубеда, другое месца -- Валянціна Белая, а пераможцай стаў калектыў дзіцячага садка г.п. Астрына. А ў конкурсе тэматычных падворкаў «Жаночых рук адвечнае цяпло» дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны калектыў Астрынскага сельскага выканаўчага камітэта, дыплом другой ступені атрымаў калектыў ААТ «АгроГЖС», а пераможцай стаў калектыў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

 

У гэты памятны дзень астрынчане і госці пасёлка ўсклалі кветкі на магіле вядомай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у вёсцы Стары Двор.

 

 

Падчас свята працавалі гандлёвыя рады, выстаўка сувеніраў, атракцыёны, усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з кніжнай выставай, падрыхтаванай Астрынскай гарпасялковай бібліятэкай, дзе былі прадстаўлены як кнігі Цёткі, так і сучасная паэзія. Настрой на пляцоўцы панаваў святочны, а удзельнікі свята раз по-раз пускаліся ў танцы пад выдатныя музычныя нумары, якія шчыра дарылі ўсім  самадзейныя артысты і артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

 

Свята ўдалося дзякуючы ініцыятыве нераўнадушных людзей і падтрымцы кіраўніка мясцовай гаспадаркі Дзяніса Чарнухі. 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!