Васьмікласніца Астрынскай сярэдняй школы імя А.С. Пашкевіч (Цёткі) Кіра Санько – лепшы экскурсавод музеяў устаноў адукацыі ў рэспубліцы

Васьмікласніца Астрынскай сярэдняй школы імя А.С. Пашкевіч (Цёткі) Кіра Санько стала лепшым экскурсаводам музеяў устаноў адукацыі ў рэспубліцы ў намінацыі “Літаратурны профіль”.
Другі год запар астрынскія школьнікі становяцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. На гэты раз, у Год беларускай жанчыны і год, калі будзе адзначацца 150-годдзе з дня нараджэння Цёткі, гэта перамога стала па-сапраўднаму сімвалічнай.
– Як толькі мы вырашылі, што Кіра прыме ўдзел у конкурсе, пачалі распрацоўваць тэкст экскурсіі, – расказвае кіраўнік народнага музея А.С. Пашкевіч (Цёткі), які ўжо больш за сорак год дзейнічае ў школе, Ала Сямёнаўна Балобан. – Спачатку нам прадстаяла паказаць сябе ў абласным этапе, які складаўся з двух тураў. Для першага завочнага тура мы здымалі відэаролік “Тры прычыны зазірнуць у музей”, у якім неабходна было назваць тры значныя прычыны наведаць наш музей. Відэаролік нам дапамагла падрыхтаваць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і класны кіраўнік Кіры Таццяна Шчэмерава.

– Першая прычына, па якой варта пабываць у нашым музеі, – ён адзіны ва ўсёй Беларусі, – гаворыць Кіра. – Другая прычына – гэта 150-годдзе з дня нараджэння Цёткі ў Год беларускай жанчыны, а трэцяя – у нашым музеі можна пазнаёміцца з тымі людзьмі, якія ідуць сцяжынкай, пратаптанай Алаізай Пашкевіч, і ўбачыць аўтографы беларускіх пісьменнікаў, якіх сабрана больш за сотню.

На вочны этап конкурсу сабраліся 32 удзельнікі з усёй вобласці, якія змагаліся за магчымасць прадстаўляць Гродзеншчыну на заключным рэспубліканскім этапе конкурсу. Сярод іх была і Кіра Санько. Юным экскурсаводам неабходна было прадставіць аглядную экскурсію “Голас з мінуўшчыны”, падчас якой пазнаёміць з музеем установы адукацыі ад імя асобы выбранага ім персанажа. Кіра расказала пра музей школы ад імя Цёткі. У выніку яна перамагла ў абласным этапе ў намінацыі “Літаратурны профіль”.
Рэспубліканскі фэст юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі адбыўся ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. 50 прэтэндэнтаў з усіх абласцей рэспублікі ў вобразах гістарычных персанажаў прадставілі аглядныя экскурсіі по сваіх музеях у 8 профілях.

– Шчыра прызнацца, падчас выступлення крыху хвалявалася, – гаворыць Кіра. – Я старалася не проста сыграць, а ўжыцца ў вобраз Цёткі, адчуць сябе вядомай паэткай. Я звярталася да слухачоў, вяла з імі гутарку і расказвала пра наш музей. Мне здаецца, што мы з Цёткай у нечым нават падобныя. Яна імкнулася быць адукаванай, незалежнай. І мне гэта блізка.

З жыццём і творчасцю Алаізы Пашкевіч Кіра знаёма яшчэ з пачатковай школы: яны ўсім класам часта прыходзілі на экскурсіі. А ўжо трэці год яна сама праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў музея.
Дарэчы, цікавасць да асобы гэтай беларускай паэткі расце.

– Нядаўна мы прадстаўлялі выставу нашага літаратурнага музея “Доля і песня А. Пашкевіч” на ХХХIII Мінскай кніжнай выставе-ярмарцы, – расказвае Ала Сямёнаўна, якая ўжо трыццаць год з’яўляецца яго захавальніцай. – Былі вельмі ўражаны тым інтарэсам, які праяўлялі наведвальнікі выставы да асобы Цёткі, разглядвалі фотакопіі дакументаў, ксеракопіі рукапісаў, фотаздымкі Цёткі розных гадоў. Мы прапаноўвалі прыняць удзел у інтэрактыўнай гульні, а таксама выдаць кніжку. Прыемна было, калі нават жыхары Казахстана спрабавалі сказаць некалькі слоў па-беларуску. А ўвогуле вельмі радуе, што нашу знакамітую зямлячку ведаюць далёка за межамі яе малой радзімы.
Фота аўтара.
