У аграгарадку Вялікае Мажэйкава заканчваецца будаўніцтва новага двухпавярховага чатырохкватэрнага дома

Рабочыя МПМК-167 ужо накрылі на будынку дах, уставілі ўнутры дзверы і вокны, правялі электрыку, праклалі ацяпленне і водапровад, усталявалі сантэхніку. Зараз тут вядуцца фінішныя аддзелачныя работы і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

– Раней на гэтым месцы быў звычайны пустыр, – зазначае брыгадзір комплекснай брыгады МПМК-167 Аляксандр Васільевіч Радковіч. – Кіраўніцтва саўгаса “Вялікае Мажэйкава” выступіла з ініцыятывай пабудаваць тут жылую “двухпавярхоўку” для сваіх работнікаў, і мы з задавальненнем узяліся за справу. Да рэалізацыі праекта прыступілі яшчэ ў студзені бягучага года. З надыходам вясны значна актывізавалі будаўнічыя работы і ўжо ў канцы мая плануем здаць будынак пад ключ. Узвядзенне новага дома з чатырма трохпакаёвымі кватэрамі абыйдзецца мясцовай гаспадарцы прыкладна ў 354 тысячы рублёў. 

 
Між іншым, згодна з распрацаваным генпланам, побач з новай “двухпавярхоўкай” у будучым вырасце яшчэ адна аналагічная. Прылеглая тэрыторыя будзе добраўпарадкавана: будаўнікі ўстановяць тут бардзюры і пракладуць тратуарныя дарожкі, зробяць зручныя пад’езды для машын, аформяць клумбы, усталююць дзіцячыя пясочніцы, арэлі, горкі і нават сушкі для бялізны. Адным словам, на месцы былога пустыра ў перспектыве вырасце цэлая вуліца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!