Інвестыцыі – у тэхнічнае перааснашчэнне

Менавіта па такім шляху ўпэўнена крочаць у заўтрашні дзень будаўнікі Шчучынскай МПМК-167. Сёння на дарогах раёна можна ўбачыць новенькія, ярка афарбаваныя МАЗаўскія грузавікі з шыльдачкай “МПМК-167”, якія з-за свайго колеру і канструктарскага дызайну здаюцца проста цацачнымі.

 

– Такая “машынка” здольна перавозіць 20-тонны груз, – усміхаецца галоўны механік прадпрыемства Сяргей Міхайлавіч Мінько. – Два самазвалы мы набылі летась і яшчэ два ўжо ў гэтым годзе. Акрамя таго, з Мінскага аўтамабільнага завода атрымалі два аўтабетоназмяшальнікі, як у нас называюць, міксеры, а яшчэ – аўтакран “Клінцы” грузапад’ёмнасцю 25 тон. Вельмі задаволены і такой тэхнічнай “абноўкай”, як карэйскі экскаватар HYUNDАІ. Штосьці куплялі за ўласныя сродкі, штосьці ўзялі ў лізінг.

 

 

Новая тэхніка зараз задзейнічана на будаўніцтве сучаснай фермы “Залесна” СВУ “Пратасаўшчына” і ўзвядзенні двух жылых дамоў у аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна. Даверылі новую тэхніку вопытным і адказным прафесіяналам – такім, як М.Л. Сініца, С.В. Бочка, М.І. Каляда, А.І. Макара і іншым.

 

 У бліжэйшы час у МПМК-167 прыбудуць два мікрааўтобусы ГАЗель NЕХТ для падвозу работнікаў на будаўнічыя аб’екты. У арганізацыі плануюць сёлета набыць і два новыя пагрузчыкі “Амкадор”. Безумоўна, эфектыўнасць працы пры такім тэхнічным перааснашчэнні будзе яшчэ больш высокай.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!