У ААТ “Васілішкі” актыўна ўзяліся за “другі хлеб”: з адведзеных пад бульбу 120 гектараў ужо пасаджана …

 

ААТ “Васілішкі” – адна з трох гаспадарак раёна, дзе займаюцца вырошчваннем высокапрадукцыйных сартоў бульбы айчыннай селекцыі. Пад гэтую крухмальную культуру ў сельгаспрадпрыемстве адведзена 120 гектараў, з якіх 85 ужо пасаджаны. Разабрацца з “другім хлебам” тут плануюць да 5 мая.

 

Штодзень у поле выходзяць два трактары з саджалкамі, якія працуюць амаль увесь светлавы дзень і за працоўную змену разам засаджваюць бульбай звыш 20 гектараў. Сярод тых, хто заняты на пасадцы, – механізатар з сямігадовым стажам Віталій Кавальчук.

 

– Я кірую трактарам МТЗ-82 з прычэпленай айчыннай саджалкай, у бункер якой змяшчаецца тона бульбы, – гаворыць Віталій Іванавіч. – Гэтага хапае прыкладна на 15 хвілін працы. На агрэгаце ўсталявана спецыяльная ёмістасць з пратравай, дзякуючы чаму ўсе клубні перад змяшчэннем у глебу на 14-16 сантыметраў праходзяць абавязковую апрацоўку: на тону бульбы расходуецца літр хімпрэпаратаў. Гэта дазваляе на доўгі перыяд абараніць пасадкі ад насякомых-шкоднікаў і хвароб і пазбавіцца ад далейшых апрацовак раслін у перыяд вегетацыі. Акрамя таго, значна павышаюцца імунныя сілы ўсходаў.

 

На полі ля вёскі Кошчыцы, куды мы заглянулі, ва ўсю кіпела работа. Тут працавалі два трактары з прычапнымі саджалкамі, а побач дзяжурылі тры грузавікі, якія па меры расходавання аператыўна падвозілі бульбу з бульбасховішча ля вёскі Дзегцяры.

 

– Мы садзім тут бульбу сорту “маніфест” і выкарыстоўваем выключна эліту, – дзеліцца намеснік упраўляючага вытворчага аддзялення №3 Васілій Рацкевіч. – Перад гэтым як след падрыхтавалі поле: убралі каменне, унеслі неабходную колькасць арганікі і нарэзалі барозны на адлегласці 75 сантыметраў адна ад адной. Змяшчаем насенныя клубні на вяршыню грэбеня, як таго патрабуюць тэхналогіі. Такім чынам бульба не гніе падчас ліўняў, бо тут не застойваецца вада, і не перасыхае ў спёку, бо паміж барознамі гуляе вецер.

 

Перавагу “маніфесту” васілішкаўскія аграрыі аддалі не выпадкова. Гэта адзін з самых папулярных сартоў бульбы беларускай селекцыі.

 

– “Маніфест” – сорт сярэдняранняга тэрміну выспявання: час ад паяўлення ўсходаў да збору ўраджаю складае 90-110 сутак, – расказвае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Дзяніс Комар. – Расліны паўраскідзістыя, сярэднярослыя, прамастаячыя. Лісты адкрытыя, сярэдняга памеру, зялёнага колеру. Клубні буйныя, выраўненыя, авальнай формы, размяркоўваюцца ў гняздзе кампактна. На кусце іх налічваецца ад 11 да 15 штук. Мякаць у гэтай бульбы светла-жоўтая, а вага таварнага клубня дасягае 150 грамаў і вышэй. Летась з кожнага гектара мы атрымалі ў сярэднім 350 цэнтнераў бульбы, але гэты сорт пры строгім выкананні тэхналогій здольны даць 410 цэнтнераў з гектара. Да ўсяго “маніфест” даволі ўстойлівы да хвароб і засухі. Адзінае, чаго баіцца – гэта фітафтарозу, але пазбегнуць гэтага захворвання дапамогуць фунгіцыдныя апрацоўкі, якіх праводзім да пяці. Выкапаная ўвосень бульба выдатна захоўваецца амаль увесь год: яе лёжкасць складае 88-99%. Увогуле, гэты сорт – адзін з самых ідэальных, бо можа пахваліцца як выдатным смакам клубняў, так і іх колькасцю.

 

Дарэчы, “маніфест” – не адзіны сорт бульбы, які аблюбавалі васілішкаўскія аграрыі. У гаспадарцы ідзе пастаяннае сортаабнаўленне: летась тут пачалі культываваць сарты “авацыя” (Польшча) і “каралева Ганна” (Германія), а сёлета дабавілі галандскія сарты “Арызона” і “рыв’ера”. Усяго ў ААТ “Васілішкі” ў бягучым сезоне плануюць накапаць каля 4,5 тысячы тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 360 цэнтнераў з гектара: 600 тон пакінуць на насенне, а астатняе рэалізуюць.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!