Тысячны рубеж – не мяжа! Пераможцы раённага спаборніцтва на ўборцы з ААТ “Васілішкі” атрымалі заслужаныя ўзнагароды
Летні дзень год корміць. З гэтай мудрасцю продкаў не паспрачаешся. Здаўна дабрабыт краіны залежаў ад якасці працы хлебаробаў. Мала вырасціць добры ўраджай – трэба яшчэ яго своечасова і без страт сабраць. Разумеюць важнасць пастаўленай перад імі задачы механізатары і таму, не шкадуючы часу, працуюць з поўнай аддачай у палях. Улічваючы ранні пачатак сёлетняй уборкі, ў Шчучынскім раёне ўжо вызначыліся перадавікі. Так, пераможцам раённага спаборніцтва, адным з першых у раёне, хто намалаціў 1000 тон збожжа, стаў механізатар з ААТ “Васілішкі” Андрэй Верабей.
Павіншаваць перадавіка ў поле прыехалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аверка, прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч і дэрэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос.
Механізатара засталі за працай у полі. Паколькі пад час жніва важная кожная хвіліна, абышліся без доўгіх віншаванняў. Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі адзначыў, што на такіх старанных і адказных работніках, як Андрэй, трымаецца сельская гаспадарка, пажадаў механізатару моцнага здароўя і далейшых поспехаў ва ўборачнай кампаніі.
Як прызнаўся Андрэй Верабей, грашовая прэмія і дыплом – гэта добра, але нашмат больш важныя ўвага і прызнанне за працу. Для яго гэта восьмая ўборачная кампанія, але малады хлебароб ужо не раз станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва. Сёлета ён плануе пабіць свой рэкорд па намалоце.
– Разлічваю на тое, што паб’ю свой рэкорд у 2500 тон. Для гэтага сёлета склаліся ўсе ўмовы: добры ўраджай і новая магутная тэхніка. У гэтым сезоне кірую камбайнам “Гомсельмаш” GS12A1 pro, раней працаваў на GS12. Новую машыну ацэньваю на 10 з 10, яна радуе як рабочымі характарыстыкамі, так і камфортам у кабіне. Камбайн не саступае імпартным, таму сёлета можна біць рэкорды. На бліжэйшыя тыдні распарадак дня наступны – пачынаем а сёмай гадзіне раніцы і працуем у полі да адзінаццатай вечара. Кормяць добра, кандыцыянер стварае камфорт у кабіне, таму ўсе ўмовы для працы задавальняюць.
Умовы працы механізатара вырашыў на сабе праверыць Аляксей Садоўскі, які разам з механізатарам зрабіў некалькі праходаў у кабіне камбайна. Нібы карабель на каласістых хвалях, зернеўборачная машына лёгка плыла па ніве, збіраючы збожжа, якое ў хуткім часе стане духмяным хлебам на сталах беларусаў.
Добрыя вынікі паказваюць і іншыя механізатары ААТ “Васілішкі”. Так, тысячную мяжу перайшлі ўжо Антон Гайдукевіч і Валерый Кепель. Аграрыі таксама атрымалі з рук старшыні райвыканкама ўзнагароды за старанную працу і годны вынік.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.