Стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” сталі прадстаўнікі Шчучыншчыны

 

У маладзёжным цэнтры “Гродна” ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія ўручэння стыпендый Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” адораным дзецям, навучэнцам і студэнтам Гродзеншчыны.

 

З віншавальным словам да таленавітай моладзі звярнуўся старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення БФМ Іван Калбаска, адзначыўшы, што прэмія ўручаецца ўжо на працягу 22 гадоў. За гэты час больш за 2500 школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў вобласці сталі яе ўладальнікамі. Сёлета прэстыжных узнагарод удастоены 58 таленавітых навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі рэгіёна, якія дабіліся выдатных вынікаў у навуковым, грамадскім, культурным, спартыўным жыцці. Сярод удастоеных стыпендыі актывісты валанцёрскага і патрыятычнага рухаў, пераможцы розных конкурсаў і алімпіяд, спартсмены.

 

 

Сярод стыпендыятаў былі і прадстаўнікі Шчучыншчыны. Гэта Дар’я Маркевіч і Рэнат Лісай – вучні ХI і Х класаў СШ № 1 г. Шчучына. Стаць намінантамі Фонду не так і проста. Для гэтага трэба старанна вучыцца, праяўляць сябе ў школьным і грамадскім жыцці.

 

У Дар’і Маркевіч сярэдні бал за II чвэрць 2024/2025 навучальнага года склаў 9,2. Вучаніца інтэлектуальна адораная, добра валодае англійскай мовай. У 2023/2024 навучальным годзе заняла 2 месца ў раённым этапе абласнога конкурсу “Я – заканадавец”, 2 месца ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро Белай Русі–2024”. Мэтанакіраванасць і захопленасць гісторыяй дазволіла ёй заваяваць у 2023 годзе дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу медыя-творчасці ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. У 2024 годзе ўдастоена дыплома ІІІ ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная Альфа” з навукова-даследчым праектам “Помнікі дзецям вайны як форма захавання гістарычнай памяці”.

 

 

Не саступае ў паспяховасці і Рэнат Лісай. З’яўляецца пастаянным удзельнікам І і ІІ этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Фізіка” і “Матэматыка”. Штогод рэзультатыўна ўдзельнічае ў алімпіядзе па фінансавай пісьменнасці. З’яўляючыся членам школьнага інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”, вучань у складзе каманды заваяваў некалькі дыпломаў на турнірах па гульні “Што? Дзе? Калі?”. Удастоены дыплома I ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адкрыццё” з навукова-даследчым праектам “Атмасферны пад’ёмнік”.

 

 

Усе стыпендыяты атрымалі грашовыя ўзнагароды, Ганаровыя граматы, нагрудныя знакі “Стыпендыят фонду Міру” і стымул імкнуцца да новых вяршыняў. Асаблівай падзеяй для лаўрэатаў стыпендыі стала асабістае віншаванне беларускага касманаўта Марыны Васілеўскай:

 

– Калі вы тут, значыць, вы самыя лепшыя. Жадаю, каб вы заўсёды верылі ў сябе, у свае сілы і магчымасці. Будзьце патрыётамі сваёй краіны, верце, што ўсё добрае абавязкова спраўдзіцца, і прыкладайце намаганні, каб дасягнуць сваёй мэты.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!