Ландрасы і ёркшыры прыносяць прыбытак: у ААТ “Васілішкі” разводзяць свіней мясных парод

 

ААТ “Васілішкі” – адна з самых буйных гаспадарак у рэспубліцы па вырошчванні свіней, якая паспяхова рэалізуе сваю мясную прадукцыю не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і па-за яе межамі. Толькі за апошні месяц тут было здадзена 1618 тон свініны жывой вагой па сярэдняй цане 2996 рублёў за тону, што прынесла сельгаспрадпрыемству выручку 5,3 мільёна рублёў. Не менш прадукцыі васілішкаўскія жывёлаводы плануюць рэалізаваць і ў снежні бягучага года.

 

– Статак свіней у нас налічвае 87 тысяч галоў, – зазначае першы намеснік дырэктара ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос. – Жывёлы ўтрымліваюцца на трох вытворчых аб’ектах – свінагадоўчым комплексе “Збражкі”, племянной ферме “Сандыкаўшчына” і рэпрадуктарнай ферме “Плебанаўцы”. Разводзім свіней мясных парод ландрас і ёркшыр, рамонтныя свінкі якіх у залежнасці ад вагі каштуюць каля 600 рублёў кожная. Рэпрадуктыўны статак у гаспадарцы складае 5059 галоў, яшчэ частка свінаматак праходзіць неабходную ацэнку.

 

Свінні ў ААТ “Васілішкі” прыносяць патомства мінімум два разы на год. Кожная жывёліна падчас апаросу нараджае 12 і болей маленькіх парасят, прыкладна палова з якіх – кныры.

 

 

– Нованароджаныя важаць крыху больш за кілаграм, – гаворыць Антон Часлававіч. – Іх мы пакідаем каля свінаматкі прыкладна на месяц. Парасят выпойваем малодзівам, акрамя таго, дадаткова падкормліваем спецыяльным камбікормам з рознымі карыснымі дабаўкамі і замяняльнікам малака. Як толькі жывёліны дасягаюць вагі прыкладна 9 кілаграмаў, фарміруем з іх групы і змяшчаем у станкі на дарошчванне. Там маладняк знаходзіцца яшчэ 40-50 дзён. Як толькі свінкі вырастаюць да 40 кілаграмаў – перавозім на адкормачныя пляцоўкі, якія знаходзяцца на свінакомплексе “Збражкі”.

 

 

 

Паралельна свінкі праходзяць вельмі строгі адбор на рамонт. Пры гэтым селекцыянеры ўлічваюць усе экстэр’ерныя паказчыкі: выяўленасць пароды, канстытуцыю цела, пастаноўку канечнасцей і шматлікія іншыя. Да прыкладу, у свіней парода ландрас вушы заўсёды вісяць, а вось у ёркшыраў павінны абавязкова стаяць. Усе адбракаваныя жывёлы накіроўваюцца на адкорм.

 

– Рамонтных свінаматак мы пераводзім на асобае кармленне, – працягвае Антон Бурнос. – Даём спецыяльны камбікорм з паменшаным утрыманнем пратэіну, каб жывёлы былі ў аптымальнай кандыцыі і не заплывалі тлушчам. Корм робім на сваім камбікормавым заводзе ў Збражках. У яго рэцэптуру ўваходзяць зерне, вітамінна-мінеральныя дабаўкі, соль, мел і шрот. У мінулым месяцы выпусцілі 7,3 тысячы тон высакаякаснага камбікорму, з якіх каля 5000 тон пайшло на кармленне свіней. Прыкладна на 210 дзень свайго жыцця самкі дасягаюць вагі 130 кілаграмаў, і мы пачынаем іх асемяняць.

 

У ААТ “Васілішкі” рэалізуюць свіней ва ўзросце прыкладна 185 дзён, калі тыя дасягаюць вагі 120 кілаграмаў. Жывёл здаюць на Гродзенскі, Слонімскі, Ваўкавыскі і Ашмянскі мясакамбінаты, а нядаўна першыя партыі былі адпраўлены таксама на Пінскі і Брэсцкі мясакамбінаты.

 

– У наступным годзе плануем збалансаваць вытворчасць і прадаць каля 15 тысяч тон свініны, – дзеліцца галоўны эканаміст ААТ “Васілішкі” Нэля Маркевіч. – Гэта прынясе 50 мільёнаў рублёў выручкі, што складзе 50% ад усёй выручкі гаспадаркі.

 

Каб свінагадоўчая галіна ў ААТ “Васілішкі” ўпэўнена развівалася, тут строга выконваюць усе патрабаванні санітарнай бяспекі. Свінагадоўчы комплекс “Збражкі”, а таксама племянная ферма “Сандыкаўшчына” і рэпрадуктарная ферма “Плебанаўцы” з’яўляюцца аб’ектамі закрытага тыпу: тут дзейнічае строгі санітарна-прапускны рэжым.

 

– Унутр можа трапіць толькі абслугоўваючы персанал, які там працуе, ды і тое толькі па спецыяльных пропусках, – падкрэслівае Антон Бурнос. – Перад гэтым работнікі абавязкова павінны наведаць душ і пераапрануцца ў стэрыльную бялізну і спецадзенне, надзець боты. Перад тым, як пакінуць працоўнае месца, гэты працэс паўтараецца. Свінагадоўчыя аб’екты ўваходзяць у дзвюхкіламетровую буферную зону і двойчы агароджаны па перыметры: бетонным “поясам” вышынёй 1,8 метра і сеткай вышынёй 2 метры, што выключае пранікненне на тэрыторыю дзікіх жывёл. Птушак жа адсюль адпужваюць спецыяльныя гукавыя пушкі, якія імітуюць стрэлы. Усюды ўсталяваны відэакамеры, каб не дапусціць унутр няпрошаных гасцей.

 

 

Кожны месяц увесь абслугоўваючы персанал правяраюць на наяўнасць свіней ва ўласных падвор’ях. Пры прыёме на працу ў кожнага чалавека абавязкова патрабуюць дакумент, які пацвярджае, што той не з’яўляецца паляўнічым. Усе гэтыя меры строга выконваюцца для таго, каб не дапусціць на свінакомплексе і фермах успышак афрыканскай чумы і іншых захворванняў свіней. Толькі так можна забяспечыць бесперабойную работу гэтых аб’ектаў і высокія вытворчыя паказчыкі.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!