У ААТ “Шчучынаграпрадукт” актыўна сеюць азімыя зерневыя культуры
Верасень для аграрыяў ААТ “Шчучынаграпрадукт” выдаўся не менш гарачым, чым жнівень: там, дзе нядаўна каласілася хлебная ніва, трэба аператыўна пасеяць азімыя культуры, каб у наступным сезоне вырасціць дастойны ўраджай. Таму тэхніка працуе ў полі амаль увесь светлавы дзень.
Пасяўную ў гаспадарцы праводзяць вопытныя механізатары, сярод якіх Віталій Калбасаў – умелы і адказны работнік, сапраўдны прафесіянал, які з года ў год выконвае шырокі спектр палявых работ: узворвае і дыскуе зямлю, сее розныя культуры, уносіць мінеральныя ўгнаенні.
-- На трактары МТЗ-3522 я працую другі тыдзень, да гэтага кіраваў яго малодшым братам МТЗ-3022, -- дзеліцца Віталій Яўгеньевіч. – Яны крыху адрозніваюцца магутнасцю, аднак кіраваць імі аднолькава камфортна. Пры дапамозе шасцімятровай сеялкі “Амега 6000 Ферці” засяваю да 40 гектараў за дзень, рухаючыся з хуткасцю 11-12 кіламетраў у гадзіну. Сам агрэгат шматфункцыянальны: акрамя дыскаў, ён мае два бункеры і дазваляе адначасова сеяць насенне і ў кожны радок уносіць фосфарнае ўгнаенне, якое дапаможа зярняткам хутчэй прарасці. Дзякуючы выкарыстанню такой тэхналогіі сяўбы, там, дзе я папрацаваў, прыкладна праз тыдзень зазелянеюць усходы пшаніцы.
Побач з сеялкай у полі дзяжурыць грузавік з насеннем, які пры дапамозе шнэка аператыўна напаўняе апусцеўшы бункер пратраўленым зернем. І гэты працэс паўтараецца ўвесь дзень, а сама сяўба праходзіць без выхадных.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.