Дапамога людзям – самае важнае ў працы медыка. Малады спецыяліст Шчучынскай ЦРБ Ганна Палянская расказала аб сваіх хобі і ўражаннях ад прафесіі

 

Медыцына – сур’ёзная сфера, якая не церпіць памылак і патрабуе ад работнікаў максімальнай вытрымкі, старанняў і кампетэнцыі. Але і ў гэтай справе можна знайсці месца для творчасці, упэўнена малады спецыяліст, фельчар Шчучынскай ЦРБ Ганна Палянская.

 

Ганна родам з Ражанкі, вучылася ў мясцовай школе і доўга не ведала, з якой прафесіяй хоча звязаць жыццё.

 

– Цягнула з выбарам і вызначылася з будучай прафесіяй толькі напрыканцы 11 класа. Вырашыла паступаць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж разам з сяброўкамі, – расказвае Ганна. – Да мяне ніхто з сям’і да медыцыны ніякіх адносін не меў, але ўсе падтрымалі мой выбар. Бацькі сказалі, што медыцына – добрая сфера, у якой заўсёды патрэбны людзі і якая заўсёды запатрабавана. Ды і медык у сям’і гэта вельмі зручна. Часта сваякі звяртаюцца да мяне па параду, стараюся дапамагаць.

 

Вучоба ў каледжы была цікавай, узгадвае малады фельчар. Асабліва Ганне запомнілася засваенне сястрынскай справы і практыка ў бальніцы.

 

– У мяне была дружная група, – дзеліцца Ганна. – Але не заўсёды вучоба давалася лёгка, было часам і складана. Увогуле медыцына – гэта нялёгкая справа. Таму перад тым як паступаць на медыка, трэба добра падумаць і разумець, што табе сапраўды хочацца дапамагаць людзям. Мне пашанцавала – мой выбар быў правільны.

 

З першым працоўным месцам у дзяўчыны пытанняў не было. Яна вярнулася на малую радзіму і мінулым летам папоўніла калектыў Шчучынскай ЦРБ.

 

Як адзначае суразмоўца, калектыў на працы выдатны, а старэйшыя калегі заўсёды дапамагаюць пры ўзнікненні складанасцяў. Для кожнага маладога спецыяліста ў Шчучынскай ЦРБ створаны індывідуальны план навучання, рэгулярна праводзяцца практычныя заняткі. Медыкі пастаянна вучацца і ўдасканальваюць свае веды на працы.

 

Зараз Ганна працуе памочнікам урача ў кабінеце дыспансерызацыі. У абавязкі фельчара ўваходзіць дапамога пры правядзенні аглядаў пацыентаў.

 

 

– Высвятляем фактары рызыкі разнастайных захворванняў, – расказвае Ганна. – Вельмі важна на ранніх стадыях вызначыць неінфекцыйныя хваробы, такія як, напрыклад, цукровы дыябет, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, сардэчна-сасудзістыя захворванні і, вядома, анкалогію. Праводзім поўны агляд пацыентаў, каб дакладна выключыць магчымасць хваробы. Увогуле дыспансерным аглядам апошнім часам людзі сталі надаваць больш увагі. Гэта правільна, бо хваробы, выяўленыя на ранніх стадыях, эфектыўна лечацца, што ў сваю чаргу аблягчае жыццё як пацыентам, так і медыкам.

 

Акрамя таго, Ганна яшчэ некалькі разоў на месяц дзяжурыць на выкліках неадкладнай дапамогі і дадаткова займаецца валеалогіяй. Валеолаг – гэта спецыяліст, які займаецца пытаннямі здаровага ладу жыцця, дапамагае пацыентам выпрацоўваць карысныя звычкі, якія паляпшаюць якасць жыцця. Вось тут дарэчы і творчыя здольнасці Ганны. У школе яна цікавілася заняткамі па выяўленчым мастацтве. І па сённяшні дзень у вольны ад працы час дзяўчына малюе. Таксама малады фельчар займаецца дызайнам адзення і розных рэчаў для сяброў. У якасці валеолага дзяўчына робіць лістоўкі і буклеты, адказвае за напаўненне сайта, а таксама арганізоўвае тэматычныя акцыі і мерапрыемствы, якія папулярызуюць здаровы лад жыцця.

 

– У медыцыне таксама можна выкарыстоўваць творчы падыход, – кажа Ганна. – Асабліва гэта можа спатрэбіцца ў размове з пацыентамі. Таму трэба ўмець знайсці агульную мову з тымі, хто не вельмі любіць сачыць за сваім здароўем, каб упэўніць іх у неабходнасці медаглядаў, растлумачыць іх важнасць. Лепш лішні раз звярнуцца да спецыяліста, чым запускаць захворванне, якое лёгка можна вылечыць на ранніх стадыях.

 

Дапамога людзям – вось што самае галоўнае і прыемнае ў працы медыка, лічыць Ганна Палянская. А дзе, як не на малой радзіме, рабіць гэта больш прыемна.

 

– Мне падабаецца ў Шчучыне, – кажа Ганна. – Тут сям’я недалёка, добрыя ўмовы працы. Таму планую пасля адпрацоўкі застацца ў родным раёне і працягваць развівацца ў сваёй прафесіі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!