Канікулы з медыцынскім ухілам. Даведаліся, як на базе Шчучынскай ЦРБ працуе студатрад “Сінапс”

 

Апошні месяц лета пакрысе праходзіць, а гэта значыць, што хутка скончацца школьныя і студэнцкія канікулы. Разам з тым, працягваецца працоўны семестр у студатрадаўцаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць на базе розных арганізацый нашага раёна. Сярод іх і студэнцкі медыцынскі атрад “Сінапс” імя героя Савецкага Саюза Людмілы Сцяпанаўны Кравец. Хлопцы і дзяўчаты актыўна працуюць у сценах Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы, атрымліваючы карысны і важны досвед.

 

Усяго ў студатрад “Сінапс” уваходзяць 6 студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Хлопцы і дзяўчаты з Гродна, Пінска, Кобрына і іншых населеных пунктаў працуюць як зладжаны механізм, а ў калектыве пануе цудоўная атмасфера сяброўства, адзначае камандзір атрада, студэнт 5 курса педыятрычнага факультэта Анастасія Якімовіч.

 

 

– На базе Шчучынскай ЦРБ мы працуем у якасці малодшага і сярэдняга медыцынскага персаналу, – расказвае Анастасія. – Некаторыя з нас замацаваны за прышчэпачным кабінетам, хтосьці дапамагае пры дыягнастычнай лабараторыі, таксама працуем у дзіцячай паліклініцы і іншых аддзяленнях.

 

 

Анастасію Якімовіч можна назваць сапраўдным ветэранам студатрадаўскага руху. Для яе гэты працоўны семестр далёка не першы. У мінулыя гады яна працавала ва ўніверсітэцкай клініцы ў Гродне. А таксама ў складзе міжнароднага студэнцкага медыцынскага атрада атрымлівала карысны досвед у расійскім Новакузнецку.

 

– Нам падабаецца ў Шчучыне, – працягвае Анастасія Якімовіч. – Тут прыгожы, маленькі горад, усе аб’екты знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Недалёка ад абласнога цэнтра, што немалаважна. Гэта было б добрае месца для размеркавання. Нас гасцінна сустрэлі, мы атрымалі жыллё. Штодня калектыў бальніцы стараецца навучыць нас чаму-небудзь новаму, перадаць нам актуальныя і важныя веды. Для нас, як для будучых лекараў, такая дзейнасць вельмі важная.

 

 

Акрамя працы ў ЦРБ, студатрад “Сінапс” актыўна займаецца творчай дзейнасцю. Хлопцы і дзяўчаты ездзяць на экскурсіі, бяруць удзел у разнастайных конкурсах. Напрыклад, нядаўна яны былі на абласным фестывалі студатрадаў, з якога прывезлі шэраг узнагарод. Таксама будучыя медыкі наведалі II Гульні краін СНД.

 

Ад Шчучынскай ЦРБ дзейнасць студатрада курыруе галоўная медыцынская сястра Марына Аксціловіч, яна падзялілася сваімі ўражаннямі аб студэнтах:

 

– Вельмі цікавыя маладыя людзі, будучыя спецыялісты. Яны цікавяцца ведамі як па сваіх, так і сумежных спецыяльнасцях. Студэнты заўсёды безадмоўна гатовыя дапамагчы нам і ў грамадскай дзейнасці. З задавальненнем працуюць у якасці сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, ветліва адносяцца да пацыентаў. Яны малайцы, бачна, што знаходзяцца на сваім месцы. Мы былі б рады бачыць іх у якасці маладых спецыялістаў у нашай бальніцы.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!