Тут дзеці -- у прыярытэце! Напярэдадні Дня ведаў прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый павіншавалі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу
Асаблівы настрой у гэтыя дні валадарыць у вялікіх сем’ях: паспрабуй сабраць ў школу не аднаго-двух вучняў, а цэлую каманду! А калі гэта і ўвогуле дзіцячы дом сямейнага тыпу, як у астрынчан Сокалаў ды Блінковых?
Напярэдадні вераснёўскага свята павіншаваць рабят і дарослых з Днём ведаў накіраваліся ў Астрыну старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна Мецько, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук і старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі. Гасцей сустракалі не толькі гаспадары, але і кіраўнік мясцовай вертыкалі Наталля Лебядзевіч, якая пастаянна цікавіцца справамі гэтых сямей, пры неабходнасці гатова дапамагчы “разруліць” праблемныя сітуацыі.
Госці завіталі не з пустымі рукамі: да салодкага стала прыгатаваны торцікі, для школьнікаў – вучнёўскія прылады і не толькі.
…Асцярожна ступаем па дыванках у форме сэрцайкаў: усё ў гэтым доме зроблена з любоўю і ў садружнасці дарослых ды дзяцей. Віктар Іванавіч і Наталля Барысаўна Сокалы за час працы прыёмнымі бацькамі-выхавальнікамі (ёсць такая прафесія!) ужо адправілі ў вялікае жыццё са свайго родавага гнязда 27 выпускнікоў. Гэта акрамя сённяшніх дзевяці выхаванцаў. Як жа ганарацца Сокалы сваімі “сакалятамі”! Уладзік сёлета паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на прэстыжны аграхімічны факультэт, Ангеліна будзе спасцігаць прафесію тэхнолага ў Гродзенскім аграрным універсітэце, а Аляксандр пачне свой старт у Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі. Адчуваецца, як і малодшую дзятву перапаўняе гонар за сваіх старэйшых сяброў.
-- Мы шчыра радуемся вашым поспехам, рабяты, жадаем усёй дружнай сямейнай камандзе новых здабыткаў і дасягненняў пастаўленых мэт. Да нашых віншаванняў з нагоды Дня ведаў далучаюцца старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі і яго намеснік Алена Васільеўна Пасюта, -- з такімі словамі звярнулася да прысутных Г.С. Хвядзюк і перадала ў падарунак грашовы сертыфікат.
Кожны з гасцей выказаў дзецям свае наказы і парады, а дарослым -- вялікую ўдзячнасць за нялёгкую і няпростую педагагічную працу. Бяседа працягвалася за чаяпіццем, дзе рабяты расказвалі пра свае захапленні, дзяліліся, як усе разам вядуць вялікую гаспадарку, з якім настроем збіраюцца ісці ў школу.
Не меней уразілі сваім пазітывам і суседзі. Надзея Мікалаеўна і Мікалай Іванавіч Блінковы таксама ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў дзеляцца з прыёмнымі дзецьмі сваім душэўным і духоўным цяплом. Зараз пад іх апекай дзесяць выхаванцаў, самаму маленькаму з якіх усяго пяць годзікаў. А вось астатнія – школьнікі і навучэнцы. Тут адпраўляюць на вучобу ў Гродна Аляксандра і Палінку, якія паспяхова паступілі ў каледжы, а Алега, які стаў ліцэістам, -- у Шчучын. Зразумела, што на гэтым ланцужок роднасці душ не абарвецца.
У доме Блінковых прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый таксама ўручалі падарункі і выказалі шмат прачулых, шчырых слоў ды пажаданняў. Было бачна, што не толькі бацькі-выхавацелі перажываюць за прыёмных дзяцей, але і ўсе прысутныя. А хлопчыкі і дзяўчынкі тонка адчуваюць адносіны дарослых і адказваюць даверам і абяцаннем старанна вучыцца, расці дастойнымі людзьмі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.