Традыцыйны злёт патрыятычных клубаў прайшоў у аграгарадку Васілішкі

10 патрыятычных клубаў дэманстравалі свае ўменні і навыкі.
На імправізаваным пляцы каля школы праходзіў агляд страявой падрыхтоўкі. Лепш за ўсіх чаканілі крок юнакі з атрада “Арсенал” Васілішкаўскай школы. Яны ж сталі лепшымі “варашылаўскімі” стралкамі. Рабяты, да таго ж, першыя ў плаванні і падцягванні на перакладзіне.
А вось падчас разборкі-зборкі аўтамата не было роўных патрыётам з клуба “Айчына” СШ №1 г. Шчучына.
Кожны з рабят вельмі стараўся і ўнёс важкі ўклад у перамогу сваёй каманды.
Можа таму высокую ацэнку работы патрыятычных клубаў далі члены журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі РК БРСМ, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РАНС і праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”.
Перамогу заваяваў клуб “Арсенал” Васілішкаўскай СШ. На другім месцы выхаванцы клуба “Айчына” СШ №1 г. Шчучына. Трэцяе месца ў каманды “Патрыёт” Галавічпольскага дз/с СШ. Некалькі балаў не хапіла для таго, каб увайсці ў тройку лідараў, камандзе “Пошук” Астрынскай СШ. Пераможцы атрымалі дыпломы, кубкі і падарункі ад РК БРСМ. Вызначыліся лідары і ў асабістых заліках.
-- Такія мерапрыемствы падымаюць аўтарытэт арміі і папулярызуюць патрыятычны рух, -- пераканана адна з арганізатараў мерапрыемства першы сакратар РК БРСМ Алена Богдзель. -- У патрыятычных клубах нашага раёна моладзь праходзіць сур’ёзную спартыўную падрыхтоўку, рабят іх вучаць быць дысцыплінаванымі, мэтанакіраванымі, адказваць за свае ўчынкі, а гэта ім абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.