Традыцыйны бацькоўскі сход прайшоў у Дзень сям'і ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці

Многія таты і мамы вырашылі прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Гасцей ужо ў фае віталі выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Дарослыя з цікавасцю знаёміліся з выставай  фотаработ "Сям'я ў ХХІ стагоддзі", а хтосьці наведаў і прэзентацыйныя пляцоўкі, якія расказвалі аб спосабах арганізацыі вольнага часу дзяцей. Бацькі атрымлівалі памяткі з карыснымі рэкамендацыямі спецыялістаў.

Прадстаўнікі раённай улады, работнікі пракуратуры, камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, Шчучынскага РАНС, а таксама медыкі і святар прыйшлі на сустрэчу з бацькамі, каб абмеркаваць самыя набалелыя пытанні ў выхаванні дзяцей, разам знайсці шляхі вырашэння існуючых праблем.

Абсалютна перакананы ў тым, што дзеці капіруюць паводзіны сваіх бацькоў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Юрый Аляксандравіч Пляханаў. Таму ён заклікаў дарослых выхоўваць рабят уласным прыкладам. Калі ў сям'і не будзе ўзаемаразумення і павагі, дзе можа навучыцца гэтаму дзіця? І вельмі важна, каб бацькі заўсёды ведалі і кантралявалі, дзе знаходзяцца іх сыны і дачушкі.

– Нашы дзеці – у небяспецы! – не без трывогі паведаміла ўдзельнікам сходу ўрач-нарколаг Шчучынскай ЦРБ Людміла Яраславаўна Чудоўская. – Алкагалізм, новыя віды наркаманіі і таксікаманіі, залежнасць ад гаджэтаў, булінг – агрэсіўныя адносіны аднаго дзіцяці  да другога.  Што з гэтым рабіць? Галоўнае – слухаць сваё дзіця і абавязкова пачуць. Калі сын або дачка агучваюць праблему, яе не трэба ігнараваць, а старацца вырашыць. Пастаянна размаўляйце са сваімі дзецьмі. І не дзейнічайце адны, звяртайцеся да спецыялістаў. У крайнім выпадку тэлефануйце на бясплатны кругласутачны тэлефон даверу 170.

 Вельмі непакоіць намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Жанну Васільеўну Карпук павелічэнне колькасці дзяўчат, якія ўжываюць спіртныя напіткі.  Як правіла, ім за 15 год, знешне яны выхоўваюцца ў добранадзейных сем'ях, і падчас пасяджэнняў камісіі ніводная з іх не можа патлумачыць, навошта яна ўжывала спіртное. Як лічыць Жанна Васільеўна, падлеткі, асабліва ў такім узросце, павінны знаходзіцца пад пастаянным кантролем бацькоў, але разам з тым бачыць у сваіх татах і матулях першых дарадчыкаў і сяброў.

Тэма бяспекі дзяцей чырвонай ніткай праходзіла праз выступленне першага намесніка начальніка Шчучынскага РАНС Сяргея Валер'евіча Якімовіча. Ён заклікаў бацькоў берагчы самае дарагое, што ў іх ёсць – сваіх дзяцей. Ні ў якім выпадку не пакідаць іх адных, вучыць элементарным правілам бяспекі.

Нярэдкія выпадкі, калі непаўналетнія дзяўчынкі становяцца мамамі. Здараюцца такія сітуацыі і ў нашым раёне. У сувязі з гэтым праблему злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці падняла ў сваім выступленні Вікторыя Вячаславаўна Аўсейчык – памочнік пракурора Шчучынскага раёна. Прычыны гэтага – зноў жа бескантрольнасць з боку дарослых, алкагольнае ап'яненне. А урач-гінеколаг Алена Іванаўна Кургун расказала аб тым, як уплывае ранняя цяжарнасць на здароўе дзяўчынак і нагадала, што ў першую чаргу палавым выхаваннем дзяцей павінны займацца бацькі.  

У бацькоўскім сходзе прыняў удзел і клірык прыхода храма Богаяўлення Ігар Каласоўскі, які прааналізаваў дзіцячыя страхі і расказаў, як іх пераадолець.

Вынікі размовы падвяла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Яна пажадала, каб у кожнай сям'і заўжды панавалі любоў, павага і ўзаемаразуменне.

Алена Васільеўна таксама выканала важную місію – уручыла Падзячныя пісьмы бацькам, якія належным чынам выхоўваюць сваіх дзетак.

Сёлета ўпершыню па ініцыятыве раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" пры падтрымцы раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" было прысвоена званне "Бацькоўская слава" чатыром сем'ям, чые дзеці дасягнулі значных поспехаў у розных сферах дзейнасці. Адпаведныя дыпломы, а таксама падарункі мамам ўручылі старшыня РА ГА "БСЖ" Святлана Уладзіміраўна Шанчук і Алена Васільеўна Пасюта. 

У намінацыі "Інтэлект" узнагароду атрымала Наталля Аляксандраўна Розмысл, сын якой Ягор – вучань Каменскага дз/с-СШ – стаў прызёрам заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. У намінацыі "Алімп" узнагарода знайшла Людмілу Мечыславаўну Сырыцкую. Яе сын Ілья – выхаванец Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі – вызначыўся сур'ёзнымі дасягненнямі ў спорце. Сваёй сям'і ў намінацыі "Поспех" прынёс узнагароду Дзмітрый Шыша – вучань Навадворскага дз/с-СШ – неаднаразовы прызёр абласной алімпіяды па працоўным навучанні. Яе атрымала мама Марына Баляславаўна. Узнагарода ў намінацыі "Творчасць" па праве дасталася сям'і Бекіш. За дыпломам і падарункамі на сцэну паднімалася Ірына Іванаўна – мама Паліны Бекіш – выхаванкі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, якую па праве можна назваць "Залатым голасам Шчучыншчыны".

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!