Наш зямляк Аляксандр Вярцінскі ўзначальваў упраўленне арганізацыйнай работы Сакратарыяту Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на працягу апошніх 16 год сваёй працоўнай біяграфіі
Ужо не адно дзесяцігоддзе, як ён – мінчанін, але мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, наведвае з зайздроснай рэгулярнасцю.
– А як жа іначай! Перасякаю мяжу Шчучынскага раёна і сэрца пачынае па-іншаму стукаць, – прызнаецца Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі. – Асаблівае месца ў душы займае вёсачка Пашыцы, што ў Орлеўскім сельсавеце. Цяпер там засталася ўсяго жменька жыхароў, а калісь… Запомнілася, як падлеткам разам з бацькам садзілі яблыневы сад. “Вось тут свой дом пабудуеш, – наказваў тата. – А на тым боку дарогі – Рышард. Гэта так добра, калі браты ў дружным суседстве жывуць, дапамагаюць адзін другому”.
Не наканавана было збыцца гэтым планам. Разляцеліся сыны з бацькоўскага гнязда. Многага дабіліся ў жыцці браты Вярцінскія, значымымі людзьмі сталі, на карысць грамадству заўжды жылі, як і вучылі таму бацькі. І калі старэйшы з братоў Рышард Эдмундавіч з настаўніка матэматыкі вырас да начальніка ўпраўлення Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, то малодшы – Аляксандр Эдмундавіч – на працягу апошніх 16 год сваёй працоўнай біяграфіі ўзначальваў упраўленне арганізацыйнай работы Сакратарыяту Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У 65 год ён выйшаў у адстаўку ў статусе служачага дзяржаўнага апарату першага класу. А нядаўна наш зямляк адзначыў 70-гадовы юбілей. Самае цікавае і прыемнае, што сваім вытокам поспеху і крыніцай натхнення ён заўсёды лічыў нашу газету.
Бо пачыналася ўсё са шчучынскай раёнкі…
Колькі памятае сябе Аляксандр Эдмундавіч, у іх дом паштальён заўсёды прыносіў “Савецкую вёску” – гэткую назву мела раней Шчучынская раённая газета. І бацька, і сыны яе ўважліва чыталі, а аднойчы Саша вырашыў сам напісаць заметку пра сваіх працавітых аднавяскоўцаў. І якой жа неймавернай была радасць, калі допіс апублікавалі. З тае пары, з ліпеня 1962 года, ён стаў супрацоўнічаць з газетай пастаянна. А неўзабаве прадставілася нагода і асабіста прыехаць у рэдакцыю, пазнаёміцца з яе супрацоўнікамі. Тагачасны загадчык аддзела пісьмаў Уладзімір Мікалаевіч Фядотаў арганізаваў школу рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, запрасіў няштатны актыў пішучай браціі на вучобу.
– Гэта было такой падзеяй для школьніка – прыехаць у рэдакцыю, паўдзельнічаць разам з масцітымі журналістамі ў аглядзе газетных нумароў, выслухаць парады творчых людзей, – узгадвае А.Э. Вярцінскі.
Працяг чытайце ў свежым нумары ад 5 мая 2018 года (№ 35).
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з альбома А.Э. Вярцінскага.