Традыцыйна перад майскімі святамі работнікі камунальнай службы пачалі аднаўляць пешаходныя пераходы і дарожную разметку ў Шчучыне

 

Робіць гэта спецыяльная дарожна-рабочая брыгада, якая забяспечана ўсім неабходным абсталяваннем.

 

– Аўтамабільны рух у райцэнтры даволі інтэнсіўны, таму даводзіцца два разы на год аднаўляць пешаходныя пераходы і дарожную разметку, – зазначае дарожны рабочы РУП ЖКГ Яўгеній Цайко. – Робім гэта звычайна перад 1 мая і 1 верасня, калі дзеці ідуць у школу. Спачатку ачышчаем дарогу ад пылу спецыяльнай дуйкай, а пасля наносім пульверызатарам зносастойкую фарбу ў два слаі. Пакуль яна не высахла – пасыпаем шарыкамі са шкловалакна, якія прыліпаюць да дарогі і адбіваюць святло фар. Таму нанесеныя лініі будуць добра бачны вадзіцелям і пешаходам нават ноччу. Каб палоскі на пешаходных пераходах былі ідэальна роўнымі, выкарыстоўваем трафарэты.

 

 

У залежнасці ад тэмпературы паветра свежананесеная фарба сохне ад 15 хвілін да гадзіны. І пакуль яна не перастане быць маркай, работнікам РУП ЖКГ даводзіцца часткова абмяжоўваць дарожны рух пры дапамозе фішак і агароджы са знакам “Аб’езд”.

 

– За працоўную змену, якая доўжыцца амаль увесь светлавы дзень, мы з напарнікам Яўгеніем Унукевічам аднаўляем не менш за чатыры пешаходныя пераходы, на што расходуем прыкладна 30 літраў фарбы, – працягвае наш суразмоўца. – Не забываем і пра разметку: спачатку наносім яе на цэнтральных вуліцах горада і паступова набліжаемся да перыферыі. Усе фарбавальныя работы плануем завяршыць да 1 мая. Гэта дазволіць павысіць бяспеку руху па гарадскіх вуліцах.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!