“Лэдзі Хакей” - гэта па-нашаму, або як матулі юных хакеістаў пазмагаліся ў конкурсе
На базе Орлеўскага дз/с-СШ прайшоў спартыўна-забаўляльны конкурс “Лэдзі Хакей” з удзелам мам юных хакеістаў. За перамогу змагаліся пяць самых рашучых матуляў: капітана хакейнай каманды “Арляняты” Аляксея Рымко, абаронцаў Аляксандра Шчукі, Арцёма і Паўла Масталавіцаў, а таксама нападаючага Арцёма Раманчыка. Не змагла застацца ў баку ад спаборніцтваў і бабуля Уладзіміра Булачкі – аднаго з самых малодшых ігракоў орлеўскай хакейнай зборнай.
Цудоўны настрой, спартыўны азарт, настойлівасць і сяброўская падтрымка суправаджалі ўдзельніц на працягу ўсяго конкурсу. Матулі прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку, уменне хутка апранаць форму хакеіста і па-майстэрску ўпраўляцца з клюшкай. Візітнай карткай прыгажунь сталі песні, жарты, а таксама дэманстрацыя духмянага хатняга печыва.
Трэнер хакейнай каманды “Арляняты” У.У. Хэлскі і першы сакратар раённага камітэта БРСМ А.А. Цынгалёва, якія былі ў складзе журы конкурсу, падзякавалі жанчынам за ініцыятыўнасць і ўручылі кожнай з удзельніц памятны падарунак і вымпел конкурсу “Лэдзі Хакей”.
Свята закончылася чаяваннем. Напрыканцы сустрэчы выдатная пяцёрка “Лэдзі Хакей” падтрымала прапанову сыноў-хакеістаў у наступным сезоне перанесці спаборніцтвы на лядовую пляцоўку. Самае галоўнае, у чым у той дзень пераканаўся кожны, гэта ў бязмежнасці мацярынскай любові і веры ў сваіх дзяцей. Сапраўды, без матулінай падтрымкі не бывае перамог!
Ірына СНАРСКАЯ,
рэдактар школьнай газеты Орлеўскага дз/с-СШ.