Тэхніка ў поўным парадку. Даведаліся, як работнікі ААТ “Дэмбрава” рыхтуюць свае сельскагаспадарчыя машыны да вясенне-палявых работ

 

Канец зімы – час падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ. Ад добрага зачыну вясной залежыць вага летняга каравая, таму рамонту і падрыхтоўцы тэхнікі зараз надаецца галоўная ўвага аграрыяў.

 

Старанна рыхтуюць сваю тэхніку работнікі ААТ “Дэмбрава”. Гаспадарка мае вялікі машынны парк, які налічвае 72 трактары, з іх 13 энерганасычаныя, 14 пагрузчыкаў, 4 кормаўборачныя і 11 зернеўборачных камбайнаў, а таксама пагрузчык буракоў, уся тэхніка ўкамплектавана кандыцыянерамі для камфорту работнікаў. Таксама ёсць каля 300 пазіцый розных прычапных агрэгатаў. Непасрэдна да тэхагляду будуць прадстаўлены 130 адзінак тэхнікі, сярод якіх ёсць і навінкі.

 

Летась машынны парк ААТ “Дэмбрава” папоўнілі 17 адзінак тэхнікі, сярод іх 2 грузавыя МАЗы, трактар і пасяўны агрэгат.

 

 

– У другой палове 2024 года ў нашай гаспадарцы была паспяхова засвоена і прыменена тэхналогія пасеву культур Strip-Till, якая дазваляе працаваць без папярэдняй падрыхтоўкі глебы, – расказвае галоўны інжынер ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Іодчык. – Згодна з гэтай тэхналогіяй агрэгат можа сеяць збожжавыя культуры і рапс адразу пасля ўборкі саломы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Для гэтых мэтаў у мінулым годзе мы набылі новы трактар расійскай вытворчасці Россельмаш 2400 магутнасцю 430 конскіх сіл. Ён працуе ў пары з новым шасціметровым пасяўным агрэгатам нямецкай фірмы “HORSCH”. Гэтую пару мы набылі ў канцы лета і ўжо паспелі выкарыстаць яе пры пасеве азімых культур.

 

 

Як адзначае Дзмітрый Іодчык, новая тэхніка выдатна сябе зарэкамендавала, бо дае добры эканамічны эфект. Падчас пасеву азімых культур па тэхналогіі Strip-Till атрымалася аптымізаваць і аб’яднаць такія аперацыі, як ворыва, падбор камянёў, перадпасяўная падрыхтоўка і ўнясенне ўгнаенняў. Цяпер усё гэта робіць адзін агрэгат за адзін праход. У Шчучынскім раёне ААТ “Дэмбрава” стала першым сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якое ўкараніла гэтую тэхналогію.

 

 

– Тэхнікі ў нас дастаткова для выканання ўсіх неабходных задач, – кажа Дзмітрый Іодчык. – Аднак улічваючы тое, што з кожным годам механізатараў становіцца ўсё менш, мы паступова пераходзім на больш сучасныя шыроказахопныя агрэгаты. Для гэтага ў гаспадарцы была створана база энерганасычаных трактароў, да якіх паступова будуць падбірацца адпаведныя агрэгаты. Увогуле, палітыка нашага прадпрыемства заключаецца ў тым, каб штогод абнаўляць не менш за пяць працэнтаў машыннага парку. У ААТ “Дэмбрава” я працую ўжо дзясяты год і за гэты час у нас атрымалася абнавіць палову сельскагаспадарчай тэхнікі.

 

 

 

Пры падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ каля 80% рамонтных маніпуляцый выконваюцца ўнутранымі рэсурсамі і сіламі ААТ “Дэмбрава”. У гаспадарцы працуюць тры паўнавартасныя майстэрні, цалкам укамплектаваныя ўсім неабходным абсталяваннем і персаналам. Створаны камфортныя бытавыя ўмовы для работнікаў.

 

 

Уся патрэбная для вясенне-палявах работ тэхніка павінна быць адрамантавана да 1 сакавіка. Аднак збольшага гэтую задачу ў гаспадарцы выканалі яшчэ ў першай палове студзеня. З надыходам вясны ў ААТ “Дэмбрава” пачнецца актыўная падрыхтоўка корманарыхтоўчай тэхнікі.

 

 

Акрамя новай і высокатэхналагічнай тэхнікі ў ААТ “Дэмбрава” ўмеюць выкарыстоўваць і старыя, правераныя часам машыны. Дагэтуль у страі і добра сябе паказваюць яшчэ савецкія жоўтыя “Кіраўцы”. Цяжкія трактары выкарыстоўваюцца выключна для трамбоўкі сенажу. Для гэтых мэтаў у вялікія колы цяжкавагавікоў заліваецца вада і чапляюцца чатырохтонныя каткі. Такім чынам атрымліваецца ідэальны трамбоўшчык.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!