Да зямлі – з любоўю, па-гаспадарску і разумна. Калектыў ААТ “Дэмбрава” стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны

Сямігодка няспыннага развіцця. Менавіта столькі гадоў запар ААТ “Дэмбрава” пад кіраўніцтвам Аляксандра Тулі становіцца пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шчучыншчыны.
У мінулым годзе ў ААТ “Дэмбрава” тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 103,5% пры заданні 102,3%. Усе галіны ў гаспадарцы спрацавалі рэнтабельна.
Пры выручцы ў 60,4 млн рублёў атрымалі 8,2 млн рублёў чыстага прыбытку. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 19,6%, а сярэдняя зарплата – амаль 2500 рублёў з ростам да ўзроўню 2023 года на 20,4%. Гэта найлепшы паказчык у раёне сярод сельскагаспадарчых арганізацый.

– У мінулым сезоне мы вырасцілі дастойны ўраджай, – расказвае Аляксандр Туля. – Валавы збор збожжа з кукурузай склаў 25,2 тыс. тон. Ураджайнасць збожжавых з кукурузай перавысіла 79 цэнтнераў з гектара. Рапсу ў бункернай вазе атрымана больш за 4,9 тыс. тон пры ўраджайнасці 61,6 цэнтнера з гектара. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана травяных кармоў 36,8 цэнтнера кармавых адзінак. Такім чынам, не толькі паспяхова выканалі дзяржзаказ, але і цалкам забяспечылі сябе зернефуражом, засыпалі насенны і страхавы фонды.

Значных поспехаў дабіліся і дэмбраўскія жывёлаводы. На сённяшні дзень у гаспадарцы налічваецца 13034 галавы буйной рагатай жывёлы, з якіх 2641 – гэта дойныя каровы. Каб забяспечыць увесь статак якаснымі кармамі, у сельгаспрадпрыемстве заклалі каля 53 тыс. тон сенажу і зернесенажу, а таксама больш за 62,5 тыс. тон сіласу і звыш 1,5 тыс. тон сена.

– Летась ад кожнай рагулі надаілі 10122 кілаграмы малака, што на 619 кілаграмаў больш, чым у 2023 годзе. Вытворчасць малака павялічылася на 7,6%, за кошт яго рэалізацыі атрымана выручка ў памеры 29,3 млн рублёў, – зазначае кіраўнік. – На перадавой малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” валавы надой малака дасягнуў 9562 тоны. На гэтым вытворчым аб’екце ад адной рагулі летась жывёлаводы атрымалі больш за 11 тыс. кілаграмаў малака.
Растуць у гаспадарцы вытворчыя паказчыкі і ў мясной галіне, а комплекс па адкорме БРЖ “Стараўшчына” заслужана лічыцца адным з перадавых сярод аналагічных аб’ектаў Гродзеншчыны. Усяго ў мінулым годзе рэалізавана 3462 тоны буйной рагатай жывёлы, а выручка склала 14,7 млн рублёў.


– Ну, і самае важнае – будаўніцтва. Сельгаспрадпрыемства ўкладвае ўласныя інвестыцыі ў далейшае развіццё. За мінулы год укладзена 14 млн рублёў, з якіх больш за 6 млн рублёў накіравана на набыццё сучаснай тэхнікі і абсталявання, а 4,3 млн рублёў - на будаўніцтва, – працягвае Аляксандр Віктаравіч. – Летась узвялі кароўнік на тэрыторыі малочнатаварнай фермы “Мураўёўка”, аб’ект запушчаны ў эксплуатацыю ў пачатку сакавіка бягучага года. Таксама пабудаваны два навесы для сезоннага ўтрымання жывёлы, ажыццёўлены рамонт майстэрні “Амбілеўцы”. Абнаўляюцца дарогі, пляцоўкі, сянажныя траншэі, вядзецца рэканструкцыя жылля. Закупілі два зернеўборачныя камбайны, аўтамабіль МАЗ, трактар, сеялку і іншыя агрэгаты.

Людзі ў гаспадарцы маюць годны сацыяльны пакет, трынаццаты заробак, прэміі да святаў, вяселляў, нараджэння дзіцяці, пуцёўкі ў санаторыі і аздараўленчыя лагеры. У полі зроку кіраўніцтва знаходзіцца здароўе працаўнікоў сельгаспрадпрыемства - у 2024 годзе на ахову працы і паляпшэнне ўмоў працы накіравана звыш 165 тыс. рублёў.

Вытворчае жыццё тут літаральна віруе. Кожную з распачатых спраў імкнуцца давесці не проста да канца – да дасканаласці. На гэты год запланаваны інвестыцыі ў будаўніцтва камбікормавага цэха з вялікімі аб’ёмамі перапрацоўкі і камфортнымі ўмовамі працы для работнікаў.

У якасці спонсарскай дапамогі сіламі і за сродкі ААТ “Дэмбрава” ў мінулым годзе праведзены ўнутраны рамонт сельскага Дома фальклору, ажыццёўлена перапланіроўка ва ўрачэбнай амбулаторыі, выкладзена плітка ў фае Дэмбраўскай СШ.

Менавіта дзякуючы пастаяннаму ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій, незаспакоенасці, жаданню ісці ў нагу з часам калектыў ААТ “Дэмбрава” на чале з таленавітым кіраўніком Аляксандрам Туля дабіваецца добрых вынікаў, з’яўляецца тым маяком, на які хочацца арыентавацца.

– За ўсімі гэтымі лічбамі стаяць вялікія намаганні, нялёгкая праца работнікаў усіх без выключэння падраздзяленняў – і радавых працаўнікоў, і кіраўнікоў, і, безумоўна, адміністрацыйнай каманды, – заўважае дырэктар. – З такімі кадрамі можна вырашаць нават самыя складаныя задачы, таму яны на вагу золата. Поспех гаспадаркі – гэта іх поспех. Я ў сваю чаргу заўсёды адчуваю вялікую адказнасць перад сваімі землякамі, таму што нарадзіўся і вырас на дэмбраўскай зямлі і не маю права іх падвесці.


Аграрыі ААТ “Дэмбрава” ўмеюць працаваць на вынік і пастаянна дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў, дзякуючы чаму аграпрадпрыемства ўпэўнена развіваецца і займае лідзіруючыя пазіцыі ў сельскагаспадарчай галіне Гродзеншчыны. Працоўны калектыў з упэўненасцю глядзіць у будучыню.

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
