Тэхніка ў поўнай гатоўнасці. На мехдвары ААТ “Дэмбрава” прайшоў тэхагляд тэхнікі, якая хутка будзе задзейнічана ў пасяўной кампаніі
Прыйшла вясна, а гэта значыць, што хутка ў нашым раёне пачнецца пасяўная кампанія. Зімой аграрыі старана рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле, і вось надышоў час праверыць вынік гэтай працы. Стан трактароў, камбайнаў і іншай разнастайнай тэхнікі быў правераны падчас тэхагляду на тэрыторыі машынна-трактарнага парка ААТ “Дэмбрава”.
Спецыяльная камісія на чале з начальнікам інспекцыі Дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Антонам Кавалеўскім скрупулёзна праверыла кожную адзінку тэхнікі. Таксама стан сельскагаспадарчай тэхнікі перад пасяўной ацанілі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і яго першы намеснік Ігар Аверка.
Агляд кожнай машыны ўкючае ў сябе праверку тармазной сістэмы, рулявога кіравання, габарытных агнёў, у некаторай тэхнікі правяраецца таксама наяўнасць гуковага сігналу пры заднім ходзе.
Усяго ў тэхаглядзе ўдзельнічала 39 адзінак прычапной і 91 адзінка самаходнай тэхнікі, з якіх 12 – энерганасычаныя. Пра вынікі гэтай праверкі нам расказаў галоўны інжынер ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Іодчык:
– Уся гэта тэхніка паспяхова прайшла праверку і будзе ўдзельнічаць у вясенне-палявых работах. Ніякіх машын на рамонце няма, усе яны на лініі. За два месяцы гэтага года ў нас паспела з’явіцца таксама новая тэхніка. Гэта два камбайны айчыннай вытворчасці КЗС-1218, модульная касілка з ахопам 9 метраў, культыватар для перадпасяўной апрацоўкі і каменеўборачная машына. Магу сказаць, што да пасяўной мы падыходзім у поўнай гатоўнасці, спадзяваемся толькі на добрае надвор’е.
Як адзначыў Дзмітрый Іодчык, каля 30% тэхнікі ў гаспадарцы імпартная, таму санкцыі не прайшлі бясследна. Зараз на рынку адчуваецца праблема з пастаўкай запчастак. Аднак дзякуючы зробленым запасам, працы на апераджэнне і правільнаму размеркаванню агрэгатаў дэмбраўскія механізатары атрымліваюць усе патрэбныя запчасткі своечасова. Таму прастойваць тэхніка не будзе.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.