Тэхнічныя памочнікі для ўрача
Ва ўстанове аховы здароўя “Шчучынская ЦРБ” вялікая ўвага ўдзяляецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і сельскіх медустаноў. Вось і нядаўна тут набылі два дэфібрылятары і столькі ж кардыёграфаў.
Як расказала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Людміла Мар’янаўна Чэхунова, усе гэтыя медыцынскія апараты беларускай вытворчасці. Дарэчы, хутка ва ўрачоў з’явяцца і іншыя тэхнічныя памочнікі – тэндары ўжо праводзяцца.
Адзін з дэфібрылятараў цяпер на службе ў дзіцячай паліклініцы, а другі – «у штаце» аддзялення хуткай дапамогі. Прыборы зручныя ў абыходжанні, да таго ж умеюць «размаўляць» – маюць функцыю галасавых паведамленняў. Па словах загадчыка аддзялення хуткай дапамогі А.І. Вознага, іх «навічок» ужо на справе пацвердзіў сваю якасць і «прафпрыгоднасць».
– Гэты апарат незаменны ў экстранных выпадках, калі ў пацыента ўзнікаюць сур’ёзныя праблемы з сэрцам і дарагая кожная секунда. “Запусціць» галоўны «матор» ці аднавіць сардэчны рытм якраз дапамагае дэфібрылятар, – тлумачыць Аляксандр Іванавіч.
Урач «хуткай» Юлія Аляксандраўна Ляшчынская яшчэ толькі ў пачатку прафесійнага шляху, тым не менш пацвярджае: ратавальныя функцыі дэфібрылятара за час працы на “хуткай” ужо бачыла... Не паспела яна дагаварыць, як паступіла каманда на экстраны выезд, і “хуткая” на борце з маладым спецыялістам і новым прыборам сарвалася з месца...
У кардыёграфа таксама, так бы мовіць, сардэчнае прызначэнне: ён дапамагае ў абследаванні сэрца і сасудаў, а яго «прадукт» – добра знаёмая ўсім кардыяграма. Зігзагі, якія для хворага – кітайская грамата, вопытны ўрач расшыфруе, ледзь глянуўшы. Пры парушэннях у рабоце сэрца прызначыць лячэнне, а значыць, пацыенту ўдасца пазбегнуць сур’ёзных праблем са здароўем. Дарэчы, па словах Л.М. Чэхуновай, адзін з набытых ЦРБ кардыёграфаў – кампактны і партатыўны – мяркуецца перадаць у Жалудоцкую бальніцу, другі таксама не застанецца ва ўпакоўцы.
Чытайце таксама:
Дзіцячы свет – асобная дзяржава
В аптеках – осенний букет скидок
Хоць бы дзянёк не сядайце за руль!
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.