Танцы “Скарбоначкі”, песні “Вяргіні”, каравай ад астрынчан і першамайскія настойкі “на каранях”… Гэта і многае іншае прадэманстравалі прадстаўнікі нашага рэгіёна на абласным фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны”

 

Лета -- гарачая пара не толькі на жніве, але і на культурнай ніве. 6 жніўня ў Смаргоні адбыўся абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Шчучынскі РЦКіНТ прадстаўлялі лепшыя творчыя калектывы, якія працуюць у жанравым накірунку “фальклор і народныя традыцыі”.

 

 

Гатаваліся мы загадзя -- старанна, дэталёва. Падворак Шчучынскага раёна складаўся з некалькіх лакацый, на якіх кожны калектыў прадстаўляў сваю самабытную творчасць, выставачную дзейнасць і стравы традыцыйнай рэгіянальнай кухні. Супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва арганізавалі майстар-класы па саломапляценні і традыцыйнным ткацтве паясоў у асяродку багатай калекцыі творчых работ ад Вольгі Каранкевіч, Таццяны Лебядзевіч, Вольгі Роліч. Сувенірную прадукцыю нашых майстроў рэалізоўвала Ірыны Менская-Асмалоўская. А тым часам мадэлі дэманстравалі этнічныя сялянскія касцюмы нашага рэгіёна.

 

 

Наш гонар, наш пераемнік танцавальнай народнай спадчыны  -- узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору пад кіраўніцтвам Алены Аліхвер. Яго ўдзельнікі заўзята танчылі “Лысага“, “Кракавяк”, “Жабку” і “Зайца” пад жывы акампанемент музыканта-віртуоза Генадзя Панова.

 

 

Гасцінна запрашала адведаць у шчучынскай карчме стравы з таркаванай бульбы, дранікі, бабку гаспаданя Людміла Лебядзевіч з Першамайскага Дома культуры. А якая карчма без добрага напою? Так, было прадстаўлена 6 відаў настоек на розных травах і ягадах. Журы ацаніла эксклюзіўныя рэцэпты, сабраныя ў старажылаў і занатаваныя нашымі работнікам культуры.

 

 

Каравайную лакацыю прадставілі ўрыўкам са спектакля “А ў нас каравай падышоў!” Артысты народнага паэтычнага тэатра “Волат” і рэжысёр Ірына Шандроха з Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці, як заўжды, былі на вышыні. Пад абрадавыя песні роднага краю каравайніцы замясілі ў дзяжы цеста, уставілі ў дэкарацыйную печ на хлебнай лапаце, а вось адтуль ужо дасталі наш сапраўдны вясельны каравай і пачаставалі гасцей. У падтрымку тэмы “Традыцыйнае печыва” работнікі клубных устаноў Шчучыншчыны прыгатавалі стравы для выстаўкі-дэгустацыі: калядныя пірагі, вушкі з грыбамі і макавым начыннем, галушкі, ламанцы, пірагі, якія пякуць на Вялікдзень, і хрусты, пеўнікі, рыбкі, вавёрачкі – усё не пералічыць!

 

 

А якія смачныя ледзянцы гатуюць у аграгарадку Дэмбрава! Іх разбіралі хутчэй, чым гарачыя піражкі.

 

 

Бадай, самае галоўнае і пачэснае месца на нашым фестывальным падворку адводзілася народнаму фальклорнаму калектыву “Вяргіня” і яго пераемніку -- аматарскаму аб’яднанню “Весялуха” Ракавіцкага Дома культуры. Тут родная матчына песня лілася шматгалоссем -- мілагучна, спакойна і паважна, адгукалася ў сэрцах шматлікіх слухачоў. Дый на сцэнічнай пляцоўцы ля мікрафонаў жанчыны-вяргіні адчувалі сябе ўпэўнена, бо не ўпершыню даводзіцца радаваць аматараў сваёй аўтэнтычнай творчасцю. А тое, што артысткам крыху больш за 80 год, па-добраму ўражвала. Любоў да народнай песні надае ім моцы фізічнай і духоўнай.

 

 

 

Ураджайным аказаўся для нас фестываль “Скарбы Гродзеншчыны”. Як вынік зладжанай творчай працы – чатыры дыпломы ІІ ступені.

Выказваем падзяку Шчучынскаму лясгасу, ААТ “Васілішкі”, аўтапарку №12 за партнёрства і дзейсную дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных  пытанняў.

 

 

Галіна ПЕТУШОК,

загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай

работы Шчучынскага РЦКіНТ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!