Танцавальнае спаборніцтва і аўтэнтычныя песні. 4 верасня ў Шчучыне адбудзецца абласны фестываль рэгіянальнага фальклору "Прынямоння жыватворныя крыніцы"
Самым яскравым эпізодам фестывалю стануць канцэртныя выступленні вядучых фальклорных калектываў вобласці.
У рамках мерапрыемства будуць вызначаны лепшыя транслятары фальклорнага мастацтва і самыя таленавітыя майстры народнай творчасці Гродзенскай вобласці.
Традыцыйна на фестывалі будзе працаваць выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці, дзе можна пазнаёміцца з тэхналагічнымі працэсамі такіх відаў традыцыйных рамёстваў, як салома-і лозапляценне, травапляценне, ткацтва, ганчарства, разьба па дрэве, выцінанка і іншыя.
Цікавым і пазнавальным для дзяцей і дарослых стане наведванне выставачнага фотапраекта “Фальклорны рух Гродзеншчыны” і выстаўкі-прэзентацыі аўтэнтычных рушнікоў “Рушнік праз усё жыццё”.
Самым яскравым эпізодам фестывалю стануць канцэртныя выступленні вядучых фальклорных калектываў Гродзенскай вобласці з аўтэнтычнымі і фальклорнымі песнямі, танцамі, музыкай і вуснай народнай творчасцю.
Аматараў танцавальнай традыцыі чакае дзівоснае і бадзёрае танцавальнае спаборніцтва лепшых гуртоў побытавых танцаў Гродзеншчыны “Спадарыня Кадрыля”, а таксама майстар-класы па навучанні народным парным танцам.
Прыемным момантам фестывалю стануць выступленні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага калектыву “Гасцінец” і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”.