Сёння ў Шчучыне вёў прыём грамадзян начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў
Можна было таксама скарыстацца і прамой тэлефоннай лініяй. Дарэчы, разам з начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама Д.Ю. Разянковым былі гатовы да адкрытага дыялога з жыхарамі рэгіёна і старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі, яго намеснікі, а таксама начальнік аддзела РАУС Аляксандр Рэба.
Падчас гэтай сустрэчы былі абмеркаваны некаторыя нюансы правядзення ў Шчучыне “Міліцэйскай камбінаванай эстафеты” сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Гродзеншчыны, ішла размова аб бяспецы дарожнага руху і культуры ўзаемаадносін паміж вадзіцелямі і пешаходамі, законапаслухмянасці грамадзян увогуле.
-- Калі я праехаў па вуліцах Шчучына, то ўбачыў горад чысты, прыгожы і дагледжаны. Па ўсім відаць, што і людзі тут жывуць адказныя, добрасумленныя, якія любяць свой райцэнтр і сваю краіну, -- адзначыў Дзмітрый Юр’евіч. – На прыёмах грамадзян у рэгіёнах я стараюся з увагай і разуменнем выслухаць кожнага, нават калі чалавек уздымае пытанне, не звязанае з кампетэнцыяй нашай службы. Такія звароты накіроўваюцца, што называецца, па адрасе, а мы трымаем на кантролі іх вырашэнне. Падобныя выезды ў раёны і сустрэчы з людзьмі – неад’емны складальнік работы любога кіраўніка. Хачу напомніць такую простую рэч: у кожнага з нас ёсць і правы, і абавязкі. Як жа важна, каб быў парытэт паміж гэтымі паняццямі.
Д.Ю. Разянкоў выказаў меркаванне, што дзякуючы ўвазе раённай улады да праблем гараджан і вяскоўцаў, прыём грамадзян у Шчучыне і прамая тэлефонная лінія не былі напружанымі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.