Сёння ў Шчучыне правёў прыём грамадзян першы намеснік старшыні Дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы

 

Адначасова працавала і прамая тэлефонная лінія, якой і скарысталася жыхарка аграгарадка Першамайск. Марыя Жывушка ўзняла вельмі важнае і актуальнае пытанне:

 

-- У нас многія ў пасёлку хацелі б перайсці на электрычнае ацяпленне дамоў. Насельніцтва старэе, нарыхтоўваць дровы няма каму, а ў рэспубліцы пабудавана Астравецкая АЭС. Вось толькі раённыя энергетыкі з нашай прапановай не пагадзіліся. Кажуць, што дзеля гэтага папросту не хапае магутнасці ў электрасетках і патрэбна мадэрнізацыя. Нам хацелася б паскорыць працэс, -- выказала сваё пажаданне жанчына.

 

-- Дзякую, што ўзнялі такое актуальнае для ўсёй краіны пытанне. Думаю, што яно будзе вырашацца ў бліжэйшыя гады. А пакуль насамрэч няма тэхнічных магчымасцей, каб задаволіць вашу просьбу. Энергетычнай галіне краіны сапраўды важна паскорыцца, -- выказаўся А.М. Садаўнічы.

 

Жыхара г.п. Жалудок хвалюе пытанне арэндных вадаёмаў. Ён лічыць не зусім правільным, што ў местачковым возеры не дазваляюць купацца дзецям, а рыбу мясцовым жыхарам можна вудзіць толькі, набыўшы білет у арандатара.

 

Аляксандр Міхайлавіч растлумачыў: купацца дзецям у неабсталяваным для гэтых мэтаў вадаёме проста небяспечна. Што тычыцца лоўлі рыбы, то тут трэба і другі бок зразумець: чалавек плаціць у бюджэт за арэнду, запускае ў вадаём малька, нясе затраты за корм рыбы, даглядае прыбярэжную тэрыторыю… Калі ўсё гэта выконваецца, то і білет на рыбалку, як кажуць, не грэх купіць…

 

Што тычыцца, прыёму грамадзян, то параіцца з першым намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці прыйшлі пайшчыкі вытворчага кааператыву “Шчучынскае пчалярства”. На жаль, гэта досыць унікальнае прадпрыемства, што знаходзіцца на тэрыторыі Астрынскага сельсавета, з-за праблем эканамічнага кшталту зараз ліквідуецца. Двое пчаляроў, па ўсім відаць, не згодны з пэўнымі працэдурамі ў рамках ліквідацыі і, па іх жа словах, хацелі б большай празрыстасці працэсу. А.М. Садаўнічы аператыўна звязаўся па тэлефоне з упраўляючай ВК “Шчучынскае пчалярства” Наталляй Байковай, якая запэўніла, што гатова даць абгрунтаваныя тлумачэнні кожнаму з членаў кааператыву.

 

Увогуле, і званкоў на прамую лінію, і зваротаў грамадзян на прыём у апошні час стала меней.

 

-- Я перакананы: гэта вынік таго, што на месцах сталі працаваць з людзьмі больш эфектыўна, што раённая ўлада імкнецца быць адкрытай і даступнай. Па сутнасці, хто б не прыязджаў на прыёмы грамадзян, а ўзнятыя жыхарамі пытанні даводзіцца вырашаць сваім жа кіраўнікам, -- канстатаваў А.М. Садаўнічы.

 

На прыёме грамадзян першага намесніка старшыні Дзяржкантролю Гродзенскай вобласці прысутнічалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Аверка.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!