Крыж-абярэг, вернасць хрысціянскім традыцыям, душэўная бяседа з “Бяседай”… Даведаліся пра сямейныя каштоўнасці роду Вількевічаў з Плябанаўцаў

 

На тэрыторыі Васілішкаўскага сельсавета добра ведаюць членаў сям’і Вількевіч як людзей душэўных, таленавітых, да таго ж – захавальнікаў хрысціянскіх традыцый і культурнай народнай спадчыны. У гэтым мы самі вырашылі пераканацца і адправіліся ў госці да старэйшай прадстаўніцы роду – Леакадзіі Іосіфаўны.

 

Калі ўжо ладна ад’ехаліся ад Васілішак і павярнулі ў бок вёскі Плябанаўцы, то ўбачылі сярод чыстага поля высокі крыж. Аказваецца, яго аднавіў Анатолій Вількевіч – сын гаспадыні дома, куды мы накіроўваліся. Кажуць, месца ў гэтым полі святое і намоленае: Маці Божая абавязкова пачуе малітвы і просьбы, што ўзносяць тут людзі. Вернікі з усяе акругі прыходзяць сюды ці то з болем сваім, ці то з радасцю. Калі даўнейшы крыж стаў зусім старым, то Анатолій Вацлававіч не даў адысці ў нябыт мясцовай традыцыі, пазначыў святыню новым абярэгам.

 

Спадарыня Леакадзія сустрэла нас прамяністай усмешкай і шчырымі словамі прывітання, ахвотна стала распавядаць, як прадстаўнікі чатырох пакаленняў з’язджаюцца ў гэты дом, як па ланцужку радаводу перадаецца звычай па ўсіх правілах сустракаць Нараджэнне Хрыстова, запальваць свечку, мудрагеліста ўпрыгожаную з гэтай нагоды, ставіць на стол з сенам абрадавыя стравы, не проста разам, а адначасова іх спрабаваць, дзяліцца аплаткам, спяваць Календы. Напэўна, столькі нюансаў і падрабязнасцей сямейных абрадаў ведаюць далёка не ўсе. А ў Вількевічаў гэта ідзе з вытокаў – “ад прадзедаў спакон вякоў…”
Перадаюцца ў спадчыну ў гэтай сям’і і выключна чыстыя, звонкія галасы.

 

 

– Цудоўна спявалі мае бабулі, мама з татам, – гаворыць Леакадзія Іосіфаўна. – Добрыя вакальныя здольнасці ў дачкі Ірыны: яна была ўдзельніцай вакальнага гурта. А сын увогуле адмысловы музыкант. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады Анатоль працуе вадзіцелем-міжнароднікам, ён па-ранейшаму сябруе са сцэнай, можа па-майстэрску пераўвасобіцца і апрануцца ў касцюм Дзеда Мароза, у хвіліны адпачынку не развітваецца з баянам, іграе на клавішных. А як звініць у ягоных руках гітара! Сямейныя канцэрты – гэта яшчэ адна традыцыя нашай сям’і, якую ахвотна падхапілі нашы ўнучкі. Спяваюць у нас усе!

 

Ведаючы, як матуля любіць народную песню, на 80-годдзе Леакадзіі Іосіфаўне яе родныя прыгатавалі проста неверагодны падарунак: купілі білеты на канцэрт знакамітага фальклорнага ансамбля “Бяседа” і павезлі імянінніцу ў Мінск. Вось гэта было задавальненне! Той, хто хоць раз пабываў на канцэрце гэтага іскрамётнага гурта, ужо ніколі не забудзе перажытых уражанняў, калі ўся зала зліваецца ў адзіны энергетычны згустак і дружна спявае з артыстамі любімыя народныя песні.

 

 

Самае цікавае, што ў ансамблі нейкім чынам даведаліся пра 80-гадовую юбілярку са Шчучыншчыны і… віншавалі яе прама са сцэны. Пасля канцэрта ўдзельнікі “Бяседы” не адмовіліся асабіста пабяседаваць з Леакадзіяй Іосіфаўнай, жадалі ёй здароўя і даўгалецця, разам фатаграфаваліся, а саліст гурта Валянцін Кірыленка падарыў Леакадзіі Іосіфаўне букет прыгожых цюльпанаў. Потым гэты канцэрт трансліравалі па тэлеканале “Беларусь 3”, і Вількевічы яшчэ раз перажылі пазітыўныя эмоцыі.

 

Як і ў кожнай сям’і, не абышлося ў жыцці без горкіх страт. Жыве светлая памяць пра гаспадара дома – слаўнага механізатара Вацлава Сцяпанавіча. Яго ордэн Працоўнай Славы, шматлікія ганаровыя граматы і значкі “Ударнік працы” захоўваюцца, як дарагія рэліквіі.

 

– Добра жылі, дружна, – з самотай успамінае жонка. – Шмат працавалі, гектар буракоў для калгаса штогод вырошчвалі, дзвюх рагуль у гаспадарцы трымалі і іншую жыўнасць, дзяцей выхоўвалі не беларучкамі.

 

 

– Я нават на жніве з татам працавала! Як сёння памятаю ягоны камбайн з адкрытай кабінай, дзе ўсяго парасон абараняў ад сонца, – гаворыць Ірына Вацлаваўна. – Так-так, свой першы рубель у жыцці я зарабіла ў якасці памочніка камбайнера. А паступаць пасля школы паехала ў Мінск у інстытут народнай гаспадаркі. Пасля заканчэння ВНУ была запатрабавана ў родных Васілішках у якасці бухгалтара.

 

Леакадзія Іосіфаўна, нягледзячы на цяжкую сялянскую працу і сямейныя клопаты, і сама ўсё жыццё вучылася. Калі агранамічнае аддзяленне Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума яна закончыла завочна, то спецыяльнасць таваразнаўцы па кнізе асвоіла ў Мінску на курсах пры кааператыўным тэхнікуме. Але найбольш працавала лабарантам у сепаратарным пункце, праз які праходзіла па 60 тон малака!

 

А пасля такога напружанага працоўнага дня гэта незвычайная жанчына знаходзіла час ды сілы яшчэ і на творчасць. Ды не толькі песенную. Модніцы з усяе акругі прыходзілі да Леакадзіі Іосіфаўны шыць прыгожыя абноўкі. А як цудоўна вышывае і вяжа гэта рукадзельніца! Вачэй не адвесці ад яе вырабаў: абрусаў, сурвэтак, пледаў, шалікаў і шыкоўных хусцін з узорамі-карункамі. У той зімовы дзень гаспадыня з Плябанаўцаў нас бясконца здзіўляла цеплынёй свайго сэрца і не хацела адпускаць, не пачаставаўшы гарбаткай з печывам і не саспяваўшы дуэтам з дачкой прачулую народную песню. Гэта пяшчотная і кранальная мелодыя, а таксама шчырая бяседа і сёння саграваюць мне душу.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!