У ААТ “Дэмбрава” набылі ўнікальны самаходны апырсквальнік, які за адзін праход апрацоўвае палоску поля шырынёй 24 метры

Новую энерганасычаную машыну даверылі вопытнаму механізатару Сяргею Іванавічу Іваноўскаму, які ўжо 10 гадоў займаецца ў гаспадарцы аховай раслін.

 

У ААТ “Дэмбрава” набылі ўнікальны самаходны апырсквальнік, які за адзін праход апрацоўвае палоску поля шырынёй 24 метры. Новую энерганасычаную машыну даверылі вопытнаму механізатару Сяргею Іванавічу Іваноўскаму, які ўжо 10 гадоў займаецца ў гаспадарцы аховай раслін.

 

– Вы паглядзіце на гэты цуд інжынернай думкі! – не хавае свайго захаплення Сяргей Іванавіч. – За гады працы ў родным сельгаспрадпрыемстве я асвоіў шмат рознай тэхнікі, аднак такога яшчэ не бачыў! У кабіне ёсць кандыцыянер, кліматкантроль, ацяпляльнік і нават магнітола з блютуз-гарнітурай. Вадзіцельскае сядзенне з падагрэвам для зручнасці мае 12 палажэнняў і падключана да вакуумнай помпы, якая дазваляе рэгуляваць вышыню пасадкі. За ўсімі вытворчымі працэсамі сочыць бартавы камп’ютар. Мне дастаткова аб’ехаць поле па перыметры, і праграма прааналізуе яго контуры, дакладна вылічыць плошчу і ўнясе неабходныя карэктывы ў работу ўсіх вузлоў. Сістэма навігацыі працуе бездакорна: калі апырсквальнік з-за няроўнасці палеткаў часам паўторна захоплівае нядаўна апрацаваныя палоскі зямлі, пэўныя секцыі адключаюцца, таму перарасход прэпаратаў выключаны. 

 

Вытворчыя магутнасці новай машыны ўражваюць: на ёй Сяргей Іванавіч Іваноўскі апрацоўвае да 200 гектараў у дзень, што ўдвая больш, чым на апырсквальніку “Раса”. Аднак пры неабходнасці можна “выжаць” і болей! Рабочая хуткасць у залежнасці ад выкарыстоўваемых прэпаратаў складае 10-20 кіламетраў. Бункера аб’ёмам 4,4 тоны хапае на гадзіну работы, а далей патрабуецца дазапраўка. Колы вышынёй каля двух метраў дазваляюць апрацоўваць усе неабходныя культуры, не наносячы ўрону раслінам.

 

– За такой энерганасычанай тэхнікай будучыня! – перакананы галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Дзякуючы новаму самаходнаму апырсквальніку мы аператыўна завяршылі апрацоўку палеткаў гліфасатамі, якія знішчаць да 90% пустазелля. Вясной засеем гэтыя палі цукровымі буракамі і кукурузай. А пакуль пераключыліся на азімы рапс: уносім рэгулятары росту, каб расліны не расходвалі ўпустую карысныя рэчывы і лепш перазімавалі. Выкарыстоўваем інавацыйны камбінаваны прэпарат “Карамба”, які дапаможа пабегам рапсу сфарміраваць моцную карнявую сістэму, у якой назапашваецца больш энергіі перад наступленнем маразоў. Такім чынам, ужо сёння закладваем аснову будучага ўраджаю.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!