Сёння ў Шчучыне прайшоў жнівеньскі форум педагогаў сферы культуры Гродзеншчыны

 

Падвесці вынікі сваёй работы і вызначыць задачы на новы навучальны год сабраліся з усяе Гродзеншчыны ў Шчучын на нараду дырэктары дзіцячых школ мастацтваў, музычных каледжаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць сферу культуры.

 

 

Месцам першапачатковай сустрэчы невыпадкова была абрана Шчучынская ДШМ – сучасная, прыгожая, адноўленая, дзякуючы паспяховай рэалізацыі міжнароднага праекта ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь. Летась у капітальны рамонт школьнага будынка было ўкладзена 745555 рублёў, 10 працэнтаў ад гэтай сумы -- сродкі з раённага бюджэту. Удзельнікі нарады з цікавасцю агледзелі светлыя класы і кабінеты, з густам аформленую актавую залу, дзе музіцыравалі юныя выхаванцы. Адметна тое, што ў Шчучынскай ДШМ з дапамогай мастацтва ажыццяўляецца сацыяльная інтэграцыя дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. І гэта, бадай, галоўны вынік сацыяльна значнага праекта, што рэалізоўваюць шчучынцы ў цесным супрацоўніцтве са сваімі літоўскімі калегамі з горада-пабраціма Варэны, абменьваючыся вопытам, праводзячы сумесную вучобу, арганізоўваючы дзіцячыя лагеры і творчыя пленэры. Дарэчы, нашы педагогі распрацавалі спецыяльныя праграмы па рабоце з сацыяльна-уразлівымі дзецьмі і падлеткамі праз дадатковую адукацыю ў сферы культуры. Сваім досведам гатовы падзяліцца са спецыялістамі з іншых рэгіёнаў Прынёманскага краю.

 

 

 

Яўна спадабалася гасцям і экскурсійная прагулка па Шчучыне, падчас якой вядучы метадыст РЦКіНТ Павел Войкель расказаў аб мясцовых славутасцях. Госці самі ўпэўніліся, што наш горад і рэгіён маюць проста невычарпальны турыстычны патэнцыял. Вялікае ўражанне выклікала “вандроўка на машыне часу” ў тых, хто наведаў музей эпохі СССР, які дзейнічае пры РЦКіНТ.

 

 

 

 А вось архітэктурнай і гістарычнай жамчужынай Шчучына па праве лічыцца былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх, а зараз -- Палац творчасці дзяцей і моладзі, у якім і адбылася абласная педагагічная нарада. Яе ўдзельнікаў  цёпла віталі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта і начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. З дакладам аб выніках работы ўстаноў адукацыі сферы культуры за 2020-2021 навучальны год выступіў Сяргей Давыдзік, начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення. Ён адзначыў, што на Гродзеншчыне ў сферы культуры плённа працуюць 1606 педагогаў, сярод іх 66 -- маладыя спецыялісты. Сёлета на падрыхтоўку да новага навучальнага года выкарыстана 169355 рублёў. Пастаянна пашыраецца спектр адукацыйных паслуг. Выкладчыкі і навучэнцы  школ мастацтваў праводзяць вялікую работу, каб паспяхова ўдзельнічаць у конкурсах і фестывалях самага высокага кшталту. Што тычыцца Шчучынскай ДШМ, то ў 2020-2021 навучальным годзе 167 яе выхаванцаў прынялі ўдзел у 40 міжнародных конкурсах, дзе заваявалі 137 узнагарод. Яшчэ 70 вучняў сталі ўдзельнікамі 11 рэспубліканскіх конкурсаў і прывезлі 33 узнагароды. Менавіта такая творчая актыўнасць і высокая падрыхтоўка дазволілі ў чэрвені 2021 года атрымаць заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі чатыром навучэнцам Шчучынскай ДШМ, і яшчэ сем прадстаўленняў разглядаюцца саветам фонду.

 

 

 

З задавальненнем падзялілася з калегамі цікавымі напрацоўкамі свайго калектыву дырэктар Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў Марына Далідоўская. А кіраўнікі Гродзенскага і Лідскага музычных каледжаў, Гродзенскага каледжа мастацтваў расказалі аб выніках уступнай кампаніі. Дарэчы, з сёлетніх 35 выпускнікоў Шчучынскай ДШМ пяцёра паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва.

 

 

 

Не абышлі на нарадзе і тэму замацавання маладых спецыялістаў, павышэння прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў, патрыятычнай і выхаваўчай работы ў калектывах, умення весці дыялог. Начальнік упраўлення культуры А.В. Клімовіч падкрэсліла, што заўжды гатова выслухаць прапановы і заўвагі з рэгіёнаў, падтрымаць канструктыўныя ініцыятывы. Яна выказала педагогам шчырыя словы падзякі за іх плённую працу, а лепшым па прафесіі ўручыла ўзнагароды. Сярод іх – дырэктар Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Іосіф Сасноўскі і выкладчыца  Наталля Кімашэўская.

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!