Сёння – Дзень энергетыка. Брыгада рамонтнікаў РЭС пад кіраўніцтвам майстра Ігара Кавалёва кожны дзень выязджае на заданне ў раён

Нягледзячы на снегапад і мароз, брыгада рамонтнікаў РЭС пад кіраўніцтвам майстра Ігара Вітальевіча Кавалёва кожны дзень выязджае на заданне ў раён. Для іх не існуе непраходных дарог: на сваім паўнапрывадным ГАЗе яны дабіраюцца да самых цяжкадаступных месцаў і якасна выконваюць сваю работу. 
Мы засталі энергетыкаў ля вёскі Глебаўцы Васілішкаўскага сельсавета, дзе тыя ўсталёўвалі спіральныя вязкі на высакавольтныя лініі электраперадач 10 кВ.

– Гэта неабходна для таго, каб не дапусціць абрыву электрасетак у далейшым, – тлумачыць майстар Ігар Вітальевіч Кавалёў. – Справа ў тым, што птушкі, якія вясной вяртаюцца з выраю, часта цэлымі чарадамі асядаюць на правадах. І калі яны адначасова ўзлятаюць, ад рэзкага рыўка здараюцца абрывы лініі электраперадач. Пазбегнуць гэтага дазваляюць металічныя спіральныя вязкі, якія выступаюць у ролі амартызатараў. Вельмі важна паспець усталяваць іх да пачатку птушынай міграцыі, таму мы кожны дзень выязджаем на заданне.


У рэжыме высокага напружання працуе і рамонтная брыгада на чале з маладым майстрам Дзмітрыем Іванавічам Яцэвічам, які раней выкладаў спецдысцыпліны ў сельскагаспадарчым ліцэі, а цяпер ужо паўтара года паспяхова прымяняе свае веды на практыцы. 


– Мы ездзім па розных населеных пунктах раёна і займаемся заменай зношага абсталявання, а таксама выпраўляем паломкі і ліквідуем абрывы электрасетак, – дзеліцца Дзмітрый Іванавіч. – Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: вогнеўпорнае спецадзенне, каскі, забралы, рызінавы абутак і пальчаткі, спецыяльныя электронныя сігналізатары, якія падаюць сігнал пры наяўнасці паблізу высокага напружання. Імі мы актыўна карыстаемся і строга выконваем усе патрабаванні тэхнікі бяспекі, каб пазбегнуць паражэння токам.
Усяго пяць хвілін спатрэбілася рамонтнікам, каб пры дапамозе вышкі замяніць лямпу вулічнага асвятлення ў вёсцы Ішчальняны Мажэйкаўскага сельсавета. Пасля энергетыкі сабралі інструмент, пагрузіліся ў фургон ГАЗ-66 і рушылі далей, каб заняцца заменай зношаных апор у вёсцы Балічы. 


– Сёння людзі не ўяўляюць сваё жыццё без святла, – гаворыць брыгадзір з 17-гадовым стажам Валерый Яўгеньевіч Шыла. – Таму ўсе рамонтныя работы мы праводзім максімальна аператыўна: нават самыя аддаленыя вёсачкі раёна не застаюцца надоўга без электрычнасці.
 Безумоўна, у сувязі са складанымі метэаралагічнымі ўмовамі клопату ў энергетыкаў прыбавілася: час ад часу ў дыспечарскую РЭС, якая, дарэчы, працуе кругласутачна, паступаюць трывожныя званкі аб пашкоджанні ліній у тым ці іншым населеным пункце. І вось ужо дзяжурная брыгада рамонтнікаў імчыць на выклік, каб ліквідаваць наступствы аварыі. 


– Мы ажыццяўляем надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў электрасетак, якіх у раёне налічваецца больш за 28 тысяч, – зазначае начальнік Шчучынскага РЭС Аляксандр Паўлавіч Асовік, які вось ужо пяць гадоў умела кіруе працоўным калектывам энергетыкаў. – Працягласць паветраных ліній электраперадач 10 кВ складае 1273 кіламетры, ліній 0,4 кВ – 1188 кіламетраў. Нягледзячы на высокую нагрузку, мы заўсёды выконваем даведзеныя вытворчыя планы. Сёлета рэканструявалі 13,31 кіламетра ліній 10 кВ, якія пралягаюць праз лясныя масівы. У Шчучыне ўстанавілі новую лінію з ізаляваным провадам на вуліцах Лермантава, Азёрная, Чырвонаармейская і Максіма Горкага, аналагічную работу правялі ў посёлку Дубрава і аграгарадку Тур’я. Акрамя таго, у райцэнтры ўсталявалі 40 індыкатараў кароткага замыкання, якія дасылаюць інфармацыю ў дыспетчарскую і аператыўна інфармуюць аб пашкоджаннях кабельных ліній 10 кВ з указаннем дакладнага месца аварыі. Не забылі і аб камфорце сваіх работнікаў: зараз прыбудоўваем да адміністрацыйнага будынка яшчэ адзін, які будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням.


Безумоўна, за ўсім гэтым стаіць самаадданая і зладжаная праца ўсяго калектыву, у якім арганічна спалучаюцца вопыт і маладосць. Павагай і аўтарытэтам у калег карыстаюцца галоўны інжынер Д.У. Бондараў, яго намеснік У.М. Бондараў, начальнiк планава-тэхнічнай групы М.М. Карповіч, начальнік аператыўна-дыспетчарскай групы Г.С. Серахан, майстры В.Г. Лях, А.С. Арціш, М.І. Жук, Н.К. Комар, І.С. Байкоў, А.А. Гайдукевіч, Д.А. Варлухін, Р.У. Мароз. Бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі намеснік начальніка па збыце электрычнай энергіі Я.В. Адамiн, начальнiк сектара па кантролі за рэжымам электраспажывання I.С. Дуброўнiк, інжынер Г.Я. Барысевiч, рабочыя-электраманцёры Г.А. Дубіневіч, С.А. Ханько, Ю.П. Стралец. Не менш плённа працуюць кантралёр А.В. Навагродская, аператар ЭВМ Е.Ю. Лiпская, начальнiк вытворчага ўчастка І.І. Бадзяк, майстар П.П. Сяховіч, аўтаслесары Д.В. Яўсееў і Г.С. Варонік. І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць! 


Адной з галоўных задач Шчучынскага РЭС з’яўляецца недапушчэнне электратраўматызму не толькі сярод свайго персаналу, але і жыхароў раёна. Таму спецыялісты электрасетак вядуць вялікую прафілактычную работу, актыўна агітуюць людзей не грэбаваць правіламі энергабяспекі і аховы электрычных сетак, каб не дапусціць бяды. 


У гэты святочны дзень хочацца пажадаць шчучынскім энергетыкам здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту. Няхай аварыі абыходзяць вас бокам, а ў любых пачынаннях заўсёды спрыяе поспех! Мы, спажыўцы электраэнергіі, вельмі ўдзячны вам за святло, якое вы прыносіце ў нашы дамы!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!