Сёння – Дзень чарнобыльскай трагедыі. Для асобных жыхароў Шчучыншчыны подых тых вясновых дзён 1986 года адчувальны і больш чым праз тры дзесяцігоддзі

Чарнобыльская трагедыя – чорная старонка ў гісторыі нашай Беларусі і краін-суседак. А для асобных жыхароў Шчучыншчыны, людзей розных пра­фе­сій і ўзростаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, подых тых вясновых дзён 1986 года адчувальны і больш чым праз тры дзесяцігоддзі.

Штогод дата 26 красавіка абуджае асаблівыя ўспаміны і ў Тамары Уладзіміраўны Давыдчык – урача-дыетолага УАЗ “Шчучынская ЦРБ”. Трыццаць два гады таму яе, санітарнага ўрача па гігіене харчавання раённай санэпідэмстанцыі, застала на рабочым месцы вестка пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. А ўжо праз паўтара тыдня спецыяліст аказалася ў Хойніках – гарадку, які наскрозь прадзімаўся радыеактыўным ветрам.
...Тамара Уладзіміраўна раскладвае на стале пажаўцелыя ад часу дакументы, цяпер гэта ўжо своеасаблівыя артэфакты, што пацвярджаюць тую службовую паездку ў небяспечную зону, – выпіску з загада галоўнага ўрача Шчучынскага ТМА, камандзіровачнае пасведчанне і атрыманае праз пэўны час пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый. І прызнаецца, што не адразу яна зразумела, пад якім ударам аказалася 5 мая 1986 года, калі спакойна выйшла з аўтобуса ў далёкім райцэнтры Гомельшчыны.


– Так, на той момант ужо афіцыйна аб’явілі, што адбылася аварыя на атамнай станцыі. Але мала хто ведаў, якія яе памеры, што за наступствы будзе мець выбух на чацвёртым энергаблоку, – расказвае Т.У. Давыдчык. – Памятаю, патэлефанавалі з абласной санстанцыі, сказалі, што трэба паехаць у зону аварыі. Я тады была незамужняя, за рукаў ніхто не трымаў, вырашала сама: “Трэба, дык трэба”. Аказалася ў складзе групы спецыялістаў свайго ж прафесійнага профілю. Узначальваў нашу каманду Уладзіслаў Генрыхавіч Жукоўскі – будучы галоўны санітарны ўрач рэспублікі. У загадзе было адзначана: “Для аказання практычнай дапамогі”. У чым яна будзе заключацца – дакладна ніхто не ведаў.
Калі на беларускую зямлю ўжо ва ўсю асядаў радыеактыўны попел, у Хойніках у тыя майскія дні было спакойна, успамінае суразмоўца. Людзі працавалі, ішлі па сваіх справах, прагульваліся з дзецьмі... 
– Хіба толькі ў мясцовым райвыканкаме адчувалася павышаная напружанасць і нервознасць. Сюды сабраліся прадстаўнікі розных службаў і арганізацый, якія так ці інакш адказвалі за бяспеку жыццядзейнасці, – пажарныя і медыкі, спецыялісты аховы прыроды і іншыя. Людзей штодзень прыязджала шмат, і ўсталяваць арганізацыйны парадак атрымалася не адразу. Згадваецца, на начлег нашу групу размясцілі ў сценах нейкай установы: мужчынам выдалі цюфякі, а мне, як адзінай жанчыне, – раскладушку.
А назаўтра калегам Тамары Уладзіміраўны было дадзена ўказанне ўзяць на кантроль якасць малака на малочнатаварных фермах Хойніцкага раёна.
– Мы ездзілі па калгасах, у асобны посуд бралі пробы малака, адпраўлялі ў лабараторыі, – распавядае жанчына. – Што адметна, фермы працавалі ў звычайным рэжыме. Пастухі прыганялі жывёлу з пашы, даяркі выконвалі свае абавязкі. Канешне, між сабой людзі гаварылі пра аварыю, але страху асаблівага не было. Яны не ведалі тады пра рэнтгены, дозы, бекерэлі і іх небяспеку для ўсяго жывога... Замоўчваўся і сапраўдны размах бяды. Ды і радыяцыю вачыма не ўбачыш, дотыкам рукі не адчуеш... 
Адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, сані­тарны ўрач Давыдчык вярнулася ў Шчучын. У напрамку Гомельшчыны адправіліся іншыя яе калегі. Ехалі на забруджаныя тэрыторыі ўжо з усведамленнем, якая пагроза здароўю сыходзіць з боку разбуранага рэактара, і больш сур’ёзна адносіліся да абаронных мер.
– А да мяне асабіста страх прыйшоў пазней, калі прасачылася праўда і пра маштабы тэхнагеннай катастрофы, і пра знішчальны ўплыў радыяцыі на арганізм чалавека, – шчыра кажа Тамара Уладзіміраўна. – І калі знайшла інфармацыю пра рэгіёны, якія тады накрыла радыеактыўнае воблака. Вёскі Пагоннае, Кажушкі, Краснаселле і іншыя, дзе мы з калегамі працавалі ў пачатку мая 1986-га, адносіліся да тэрыторыі з моцнай ступенню забруджання. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!