Працягваем праект "Фамільная каштоўнасць"
Вось-вось Ражство Хрыстова пастукае ў дзверы дамоў і кватэр, дзе жывуць жыхары Шчучыншчыны праваслаўнага веравызнання. У народзе гэту вялікую ўрачыстасць называюць Каляды. Таму мы з задавальненнем пагутарылі з прадстаўнікамі радзін, чые прозвішчы сугучныя з наступаючым святам. Высновы ад сустрэч такія: у гэтых сем’ях ёсць згода, узаемная падтрымка і традыцыйныя каштоўнасці ў пашане.
Радасць года
“Зноў пра мяне пяюць”, – так жартуе жыхар г.п. Астрына Віктар Пятровіч Каляда, калі чуе па радыё ці з экрана тэлевізара задорныя песні пра свята Каляды. І дзе тут з ім паспрачаешся, калі ад прадзедаў спакон вякоў чалавеку засталося ў спадчыну такое незвычайнае прозвішча.
А родам гаспадар утульнага і гасціннага дома па вуліцы 8 Сакавіка з вёсачкі Мяшэтнікі, што на Мастоўшчыне. Бацькаўшчына даўно да сябе не кліча, бо няма на зямлі тых самых родных людзей, што далі некалі жыццё. Але на свой лёс, па ўсім відаць, 68-гадоваму Віктару Пятровічу крыўдаваць не трэба. З будучай жонкай Таццянай ён пазнаёміўся падчас працы на гродзенскім прадпрыемстве. Пажаніліся, пераехалі ў Астрыну і пражылі разам больш за 40 год – у павазе адзін да аднаго. Гаспадар дома – спакойны, разважны і памяркоўны, хваліць жонка. Удваіх выгадавалі добрых дочак. Старэйшая Людміла жыве з сям’ёй у Гродне, а малодшая Алена – у сваім жа пасёлку, яна – выхавальнік у дзіцячым садку. Бацькі часта бачацца з абедзвюма. Не праблема даехаць ад абласнога цэнтра да роднага дома, калі ёсць уласны транспарт і свае надзейныя кіроўцы – зяць і ўнук. Бабуля з дзядулем з 19-гадовага Яўгена не нарадуюцца: ён – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, будучы праграміст.
А мінулы 2018-ы прынёс у дом Каляды надзвычай прыемную навіну: у малодшай дачкі нарадзілася дачушка. Маленькая Арышка – сапраўдны падарунак лёсу, доўгачаканае і вымаленае у Бога дзіцятка. І калі б у гэтай дружнай сям’і захацелі вызначыць, умоўна кажучы, “радасць года”, то гэта, несумненна, быў бы дзень, калі ў кватэры Алены і Антона Клімашэўскіх з’явілася калыска, з якой данёсся самы дарагі “званочак” – голас Арышкі.
– Так што на гэтае Ражство Хрыстова гасцей за святочным сталом пабольшае, – радуецца Таццяна Аркадзьеўна.
Бабуля прызнаецца, што ўжо прыгатавала падарункі і даросламу Яўгену і маленькай Арышцы. “Часта і дочкі пытаюцца: “А да нас твой Дзед Мароз будзе ісці?”, – смяецца Таццяна Аркадзьеўна.
Дарэчы, за агульным сталом у бацькоўскім доме з задавальненнем адзначаюць і іншыя святы. Таццяна Аркадзьеўна і Віктар Пятровіч ужо на пенсіі. Гаспадыня дома любіць і ўмее гатаваць, а гаспадар клапоціцца, каб на сядзібе быў парадак. У свой час абодва працавалі: жонка – у мясцовай сталоўцы, а муж – на пілараме ў ПМС. “Мы – простыя людзі, як і нашы бацькі”, – заўважае субяседніца. І прызнаецца, што яе шчасце складаецца са звычайных рэчаў: пасёлка, у якім нарадзілася і дзе прыгадзілася, родных і блізкіх, якія акружаюць увагай і пяшчотай, проста добрых людзей, з якімі зводзіла жыццё. А самымі шчаслівымі днямі для яе і мужа былі тыя, калі на свет з’явіліся любімыя дочкі Люда і Лена.
Кажу субяседніцы, што цяпер ім – бабулі Тані і дзядулю Віцю – спраў дабавіцца: трэба аднаўляць у памяці, як коскі заплятаць… Дзеці ж растуць хутка. “Так, трэба яшчэ жыць і жыць!”, – пагаджаецца добразычлівая жанчына.
Радасці і шчасця ў ваш дом, шаноўныя астрынчане! Няхай для сям’і Каляда светлымі будуць не толькі Каляды, але і ўсе буднія дні!
Вёска любіць гаспадарлівых
– Зайдзіце – пакажу, якую летась лазню для сябе зрабіў, – запрашае жыхар вёскі Сухары Сяргей Апанасавіч Каляда.
І сапраўды. У прасторнай “летняй кухні” гаспадар дома аддзяліў частку плошчы, устанавіў усё неабходнае начынне, сцены драўнінай аздобіў… І ўжо апрабаваў, ці лёгкі пар на новым “аб’екце”. Застаўся задаволены. Кажа, сваю лазню займеў, бо без яе вясковаму чалавеку, які на зямлі працуе, ніяк.
Лічы, усё жыццё Сяргея Апанасавіча звязана з сельскай гаспадаркай. Выключэнне – гады службы ў арміі. Армейскія будні малады салдат правёў ажно ў Германіі. Кажа, цікава было паглядзець на іншую культуру і парадак. А вярнуўшыся дамоў, у 1988 годзе пайшоў працаваць шафёрам у калгас “Шлях Леніна”, які ўзначальваў І.Г. Хільмановіч. Былы старшыня і сёння жыве ў Ракавічах, таму мужчыны бачацца і гутараць аб жыцці-быцці. “Іван Георгіевіч заўжды пытаецца, як ідуць справы ў гаспадарцы, – расказвае Сяргей Апанасавіч. – Ён жа сам быў не проста старшыня, а сапраўдны гаспадар, душой стаяў за вёску”. І прызнаецца, што і свой пачатак працы добра захаваў у памяці. Па-першае, сам быў маладым, па-другое, у вёсцы тады хлопцаў і дзяўчат хапала. Для іх і вялізны Дом культуры адбудавалі, і тэхніку набывалі. Потым змяніўся час, і вясковае асяроддзе таксама. Многія равеснікі Сяргея Каляды з’ехалі ў гарады, але ён застаўся. Калі і памяняў што ў сваім жыцці, то хіба толькі тэхніку, на якой працаваў. З аўтамабіля перасеў у трактар. Можна сказаць, пераняў эстафету ў свайго бацькі Апанаса Вікенцьевіча, які быў адмысловым трактарыстам.
Гэтымі зімовымі днямі С.А. Каляда абслугоўвае жывёлагадоўчыя фермы, а летам з задавальненнем сядае за штурвал камбайна. І сёлетні гарачы ўборачны перыяд правёў у кабіне КЗС-1218 “Палессе”. Прызнаецца, што гэта быў не самы ўраджайны сезон з усіх яго 25, і ўсё ж дзесьці паўтары тысячы тон збожжавых і зерня кукурузы намалаціў. А былі і рэкордныя гады. За добрасумленную працу руплівага механізатара не раз адзначалі граматамі.
– Уцягнуўся ў гэту работу, – проста і шчыра разважае субяседнік. – І жыць прывык у роднай вёсцы. Гляньце – якая тут прыгажосць і прастора!
Дарэчы, пры тэхніцы Сяргей Апанасавіч не толькі на машынным двары гаспадаркі, але і на сваім падворку. Ён мае ва ўласнасці МТЗ-80. Трактар патрэбны для работы на прысядзібным участку і бульбяных “сотках”.
Шкада толькі, кажа суразмоўца, што іх некалі шматгалосыя Сухары заціхлі.
– Раней людзей па прозвішчы Каляда паўвёскі было, – прыгадвае субяседнік. – А цяпер адзінкі засталіся. Я з мамай, ды яшчэ некалькі чалавек…
Маме Сяргея Апанасавіча Марыі Аляксандраўне 76 год. Жанчына даўно засталася без мужа, таму для яе вельмі добра, што сын побач. Зрэшты, і дзве дачкі недалёка. Люда жыве ў Шчучыне, яна бухгалтар у аўтапарку, а Наташа ад’ехалася ў Гродна, дзе працуе ў рэгістратуры адной з паліклінік. Прыязджаюць, гарадскія пачастункі прывозяць. Іх дзеці – унукі бабулі Марыі – ужо дарослыя. Старэйшым пляменнікам дзядзька Сяргей наказвае не марудзіць з выбарам спадарожнікаў жыцця. Маўляў, на ўсё свой час. Жартуе, што сам занадта доўга прыглядаўся да дзяўчат і не заўважыў, як тыя, на каго вока меў, замуж павыходзілі…
Ад’язджаючы, яшчэ раз глянула на прасторны, дагледжаны дом, акуратны і вялікі дрывотнік, сад за моцным, пафарбаваным у яркія колеры плотам… Так, ёсць у гэтай сядзібы гаспадар!
Род Багаслоўскіх мае працяг
– Мой дзядуля па татавай лініі родам з горада Сальск, што ў Краснадарскім краі, – здзіўляе Дзмітрый Уладзіміравіч Багаслоўскі. – Ён быў франтавіком, да Берліна дайшоў. За мужнасць і адвагу меў шмат узнагарод. Памятаецца, як напярэдадні Дня Перамогі, іншых свят паштальён цэлымі пачкамі прыносіла яркія паштоўкі на адрас дзеда Мікалая Аляксеевіча на ст. Ражанка. Віншаванні слалі аднапалчане з розных куточкаў вялікай краіны. Ды і тут, пакуль жыў, без увагі не заставаўся – яго ў раёне на ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы запрашалі.
Унук ветэрана расказвае тое, пра што чуў ад сваіх бацькоў. Як рускі Мікалай пасля вайны сустрэў беларусачку Веру і здаўся ў палон… яе прыгожых вачэй. Пажаніліся. Так і пайшоў на Шчучыншчыне род Багаслоўскіх. Акрамя бацькі Дзмітрыя, прыгожае прозвішча атрымаў у спадчыну яго малодшы брат, а таксама сястра.
– Род Багаслоўскіх мае працяг, – задаволены субяседнік. – Толькі нас у бацькоў нарадзілася трое. Старэйшы мой брат Мікалай – інжынер, працуе на “Гомсельмашы”, малодшы Віталій – хірург-анколаг у Слоніме. У старэйшага брата і ў мяне падрастаюць сыны… Калі браты ад’ехаліся ад дому, то я застаўся на малой радзіме – 15 год служу ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. А да гэтага былі школа ў Ражанцы, вучылішча ў абласным цэнтры, пагранічныя войскі, праца ў мясцовай “Сельгастэхніцы” і вучоба ў Баранавіцкім каледжы МУС.
Так што рашэнне – стаць праваахоўнікам – Дзмітрый Багаслоўскі прымаў усвядомлена і самастойна. Прызнаецца, што ніколі не пашкадаваў аб прафесійным выбары. Як і аб тым, што даўно служыць менавіта ўчастковым інспектарам міліцыі. Маўляў, “на зямлі” яму падабаецца. Ахоўваць спакой людзей даводзіцца і днём, і ноччу. Вось і на Навагоддзе маёр міліцыі Багаслоўскі сачыў за парадкам на дзвюх дыскатэках – на адкрытай пляцоўцы ў Орлі і ў Доме культуры ў Ракавічах, а таксама праверыў некалькі сваіх “падапечных”, у адносінах да якіх устаноўлены пэўныя правілы паводзін і абмежаванні ў перамяшчэнні. “Навагодняя ноч прайшла без здарэнняў, – задаволены ён. – А вось раней бывала ўсякае: і за паўгадзіны да бою курантаў званкі паступалі, і пасля турбавалі…”
Калі размова заходзіць пра родны дом, па твары майго субяседніка мільгае цень. Нядаўна, амаль на адным годзе, пайшлі з жыцця бацька і маці. Абое не старыя яшчэ людзі, у тым узросце, калі так патрэбны дзецям і ўнукам. А расказаць сваім нашчадкам ім было пра што. Уладзімір Мікалаевіч шмат год сумленна працаваў у “Сельгастэхніцы” – кіраваў брыгадай, якая займалася рамонтам абсталявання на фермах. А Людміла Іванаўна ўсё жыццё апранала белы медыцынскі халат: многія шчучынцы ўпершыню знаёміліся з новым светам, лежачы на цёплых руках акушэркі Багаслоўскай…
Пасля службы Дзмітрый Багаслоўскі спяшаецца дамоў, дзе яго чакаюць любімая жонка Марына Леанідаўна і малодшыя прадаўжальнікі роду Кірыл і Уладзіслаў. Малодшы, ведае бацька, абавязкова пацягне яго на заснежаныя прасторы – на лыжную прагулку…
Таццяна ПАЛУБЯТКА.