Сярод нас жыве паэт! У гасцёўню “Ад усёй душы” завітаў пісьменнік-юбіляр Рычард Бялячыц

 

Сярод нас жыве паэт! Сапраўдны! Паэт, які па-майстэрску валодае беларускім словам, якому падуладны бездакорны рытм і арыгінальны мастацкі вобраз. Гэта Рычард Бялячыц – аўтар 16 кніг, зборнікаў паэзіі і прозы, лаўрэат самай прэстыжнай на Гродзеншчыне прэміі – прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”.

 

Вершы Рычарда Бялячыца захапляюць сваёй чысцінёй, высакароднасцю, глыбінёй. Ім уласцівы філасафічнасць, гістарычныя матывы, тонкі лірызм. А вытокі паэзіі перш за ўсё ў яго любові да Радзімы, у яго служэнні Бацькаўшчыне. І слова “Радзіма” ў вершах Рычарда Станіслававіча амаль заўсёды стаіць побач са словам “Бог”. Мне здаецца, блаславёна зямля, якая мае свайго паэта. Таму што ў яго ёсць асаблівая сувязь з Сусветам, з Богам, з інфармацыйным полем. Інакш немагчыма так валодаць словам.

 

 

Рычард Станіслававіч – чалавек, які выклікае ў мяне захапленне як паэт і павагу – як асоба. Ён даўні сябра нашай бібліятэкі, заўсёды ахвотна прыходзіць на творчыя сустрэчы з чытачамі. Творы Рычарда Бялячыца друкаваліся амаль ва ўсіх беларускіх перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе “Маладосць”, знакавай для пісьменнікаў і аматараў літаратуры газеце “Літаратура і мастацтва” і, вядома, у нашай любай раёнцы – “Дзянніцы”.

 

 

Вось аб усім гэтым і ішла размова на чарговым пасяджэнні літаратурна-музычнай гасцёўні “Ад усёй душы” ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Мерапрыемства было не толькі прымеркавана да Дня беларускага пісьменства, але яшчэ і прысвечана 70-годдзю Рычарда Бялячыца. Дарэчы, свой юбілей шчучынскі пісьменнік адзначае 16 верасня. Вядома, гучалі вершы і замалёўкі, былі кранаючыя ўспаміны, разважанні пра лёс беларускай мовы, пытанні чытачоў і шчырыя адказы на іх. Удзельнікі мерапрыемства яшчэ доўга не адпускалі госця. Атрымалася сапраўднае свята паэзіі. Дзякуем Вам за гэта, паважаны Рычард Станіслававіч! Здароўя Вам на доўгія гады!

 

Тамара МЕНСКАЯ, бібліятэкар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.


 

Рычард БЯЛЯЧЫЦ, замалёўкі з натуры

 

У святле палаца

 

Дыялог пакаленняў

 

Бываюць наведвальнікі, якія адразу выклікаюць павагу да сябе. Так было і ў гэтую нядзелю: маладая пара са сталіцы прывезла і дзвюх дачушак. Напэўна, з пачатковых класаў. На маю беларускую мову мужчына адразу паімкнуўся адказваць адпаведна… Было прыемна ўсім. Але дзесьці ў сярэдзіне размовы большанькая, больш смелая, запытала ў таты:

 

– А чаму ты дома не гаворыш так, як з гэтым дзядзем?
– У Мінску, Алеська, усе гавораць па-руску. І я так.
– Няпраўда. Мая настаўніца гаворыць і на ўроках, і на перапынках так, як гэты дзядзя.
– Добра, дачушка. Вось выйдзем з палаца і пачнем з табой гаварыць па-беларуску.
– Ура! Мне падабаецца. І я шмат слоў ведаю беларускіх.

 

Здавалася б, прымітыўны дыялог, але колькі ў ім нашай, нацыянальнай праўды. Мы з гэтай сям’ёй за некалькі хвілін зразумелі адзін аднаго і нават пасябравалі, бо ведаем, што трэба рабіць, каб дзеці раслі патрыётамі сваёй Радзімы. І як было не падпісаць сталічным гасцям кніжку на беларускай мове!

 

– Я абавязкова пакажу кніжку сваёй настаўніцы і вывучу, каб прачытаць на першым уроку, найлепшы верш, – прасакатала на развітанне дзяўчынка.

 

Палачане

 

З Мінска часта гаворыць паэт, літаратуразнаўца Навум Гальпяровіч, расказвае пра сваю радзіму – Полацк. А я прыпамінаю, як некалькі дзясяткаў гадоў назад маленькая базавая Дудкоўская школа атрымала грант у тысячу даляраў і ўсім калектывам паехала ў сталіцу некалі магутнага княства. Велічная Дзвіна, Барысаў камень на беразе і адна з трох у свеце святыня – Полацкі Сафійскі сабор, арган пад яго купалам, краязнаўчы музей, манастыр. Для ўсіх – назаўсёды святая памяць. Упэўнены, што наш шлях паўтарылі ці не ўсе крывічы, радзімічы, дрыгавічы, людзі здалёк і зблізку. А палачане, хоць і зрэдку, лічаць дастойным месцам для наведвання наш Шчучын.

 

Факты сведчаць

 

Апошнім часам радыё, перыёдыка даносяць лічбы, якія сведчаць, што нашы суайчыннікі сталі значна актыўней вывучаць сваю гісторыю, асабліва далёкае мінулае. Толькі ў наш палац Друцкіх-Любецкіх за гэтае лета наведаліся сотні беларусаў. І вельмі важна, што амаль палова наведвальнікаў – дзеці. У музеі палаца вісіць карта знакамітых месцаў Шчучыншчыны, з якой вынікае: у кожнай больш-менш вялікай вёсцы, у былым мястэчку ўзвышаюцца значныя архітэктурныя збудаванні-храмы, пабудаваныя даўнавата ў еўрапейскім стылі. Людзі пра тое перадаюць адзін аднаму, а найчасцей падарожнікі карыстаюцца інтэрнэтам.

 

Шматлікія госці з Палесся, з усходу краіны, нават з Расіі. Былая Заходняя Беларусь славіцца архітэктурай мінуўшчыны. Таму, не мінаючы Шчучына, людзі з ахвотай едуць у горад-музей Гродна. Яшчэ адчуваецца, што падарожнікі шмат чытаюць навуковай і мастацкай літаратуры, прысвечанай гісторыі. Многія ўспамінаюць Уладзіміра Караткевіча, яго раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, чытаюць і ведаюць гістарычныя досведы вучонага Міколы Ермаловіча.

 

Вельмі шкада, што па нейкай прычыне не адгукнуўся на запрашэнне прыехаць у палац наш зямляк-вучоны Сяргей Данскіх. Зрэшты, вядома пра занятасць яго ў справе даследавання. А нядаўняе перавыданне кніжкі “Шчучын” цікавіць шматлікіх прыхільнікаў мінуўшчыны. Нездарма, напэўна, усё часцей заглядваюць у палац мясцовыя жыхары, бо адна справа жыць тут, штодзень праходзіць ля палаца, любавацца ім і зусім іншая – ведаць этапы жыцця яго.

 

Энергетыка гісторыі

 

Розныя помняцца вёсны. Раней зімы стаялі пераважна моцна снежныя, і сакавік з першым пацяпленнем амаль кожны раз станавіўся непрадказальным. Але ў асноўным наш луг залівала вада, якая падступала аж да хат. Гэта было даўнавата і нават паспела забыцца.

 

А тут яе рукі ўзляцелі ў паветра, апусціліся і… пачалася тая, здавалася, ужо забытая назаўсёды, вясна. Правая рука жанчыны пабегла аж на самы край клавіятуры фартэпіяна. Усё аддалялася журчанне вады. Вось-вось чорна-белыя клавішы скончацца і музыка абарвецца. Але левая рука ўладарна ўдарала па басавітых клавішах, і ўсё распачыналася спачатку. Лёд паддаваўся. Крышыўся, і з-пад пальцаў зноў неслася плынь ручаёў, нават сапраўднай рэчкі. Нястрымнай, уладарнай, як тады… у дзяцінстве.

 

– Яна прафесійная піяністка. Жыве ў Маскве, – бачачы, што я ў разгубленасці, патлумачыў ці то муж, ці то брат, які стаяў побач і нават здаваўся абыякавым. Гэтыя тлумачэнні толькі пацвердзілі клас піяністкі.
Шматлікія госці палаца спрабавалі падняць века стагадовага нямецкага інструмента, што стаіць у музеі палаца, каб зайграць. Казалі, што фартэпіяна “жывое”, толькі крыху глухаватае. А вось прафесіяналу, было відаць, вельмі прыемна дакрануцца да векавой даўніны, адчуць энергетыку гісторыі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!