“Сябрына” сустракала сяброў. Прыгожа і атмасферна прайшоў у Жалудку юбілейны вечар з нагоды 30-годдзя народнага ансамбля народнай песні
Ярка і надзвычай атмасферна прайшла юбілейная вечарына з нагоды 30-годдзя народнага ансамбля народнай песні “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры. Было багата гасцей, падарункаў, прыемных імправізацый і, канешне, гарачых апладысментаў ад удзячных гледачоў. Мясцовыя жыхары, здаецца, усе цюльпаны з клумбаў сабралі, каб падарыць іх сваім любімым артыстам.
З вялікай колькасцю ўзнагарод – як індывідуальных, так і для народнага ансамбля ў цэлым – прыехалі на свята песні ў Жалудок старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ірына Жук-Куніцкая. Яны ад імя раённай і абласной улады, ад сябе асабіста шчыра віншавалі віноўнікаў урачыстасці, выказвалі словы падзякі за захаванне народнай спадчыны, за тое, што на песнях, творчасці і прыкладзе жалудоцкай “Сябрыны” можна смела выхоўваць новае пакаленне і паказваць моладзі, як трэба любіць сваю родную зямлю, шанаваць і прымнажаць культурную спадчыну, берагчы беларускую песню – душу народа.
– Слухаючы “Сябрыну”, адразу разумееш, чаму менавіта ў Жалудку нарадзіўся “Фестываль кветак”, гучная слава пра які разнеслася па ўсёй краіне. Тут жа ўсё квітнее: і творчасць, і дабрыня ў сэрцах людзей, і любоў да сваёй Бацькаўшчыны! – падкрэслівалі прамоўцы і жадалі ансамблю і кожнаму з яго сяброў паасобку (дый усім жалудчанам увогуле!) новых здабыткаў у Год міру і стварэння, толькі мірнага неба, здароўя і шчасця.
Між іншым, у Гродзенскай вобласці высокае званне “народны” з гонарам носяць 232 творчыя калектывы, але толькі 20 з іх – унікальныя сваім выкананнем менавіта беларускай народнай песні. І ў гэтай цудоўнай 20-цы – наша “Сябрына”! Вядучая праграмы Алена Барэль зачытала Падзячны ліст ад Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Павіншаваць ансамбль-юбіляр, які за 30 год плённай дзейнасці падарыў людзям столькі радасці, упрыгожыў сваімі песнямі мноства знакавых падзей і мерапрыемстваў, прыйшлі старшыня мясцовага сельвыканкама Генадзій Цывінскі, дырэктар “Жалудоцкага агракомплексу” Станіслаў Гузень і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Святлана Куцкель, дырэктар Жалудоцкай СШ імя В.Урублеўскага Уладзімір Васількевіч, тутэйшая прадпрымальніца Антаніна Чарвяк.
– “Сябрына” стала творчым брэндам нашага пасёлка, і сёння яна сабрала шырокае кола сяброў, бо яе творчасць шчыра любяць нашы людзі, – адзначалі выступаючыя.
Сапраўды, на юбілейную вечарыну з усіх куточкаў Беларусі прыехалі яе прыхільнікі і былыя ўдзельнікі гурта. Колішнія маладыя спецыялісты, якія зараз працуюць у іншых месцах, прызнаваліся, што лічаць свой прафесійны старт у Жалудоцкім Доме культуры вельмі плённым, а тутэйшых людзей – неверагодна душэўнымі і адкрытымі. Сапраўднай імянінніцай адчувала сябе ў гэтыя хвіліны і ветэран працы, экс-дырэктар Жалудоцкага ГДК Ірына Гаркалава: яна ж па праве можа лічыць сябе “хрышчонай маці” “Сябрыны”.
А якой феерычнай была сустрэча членаў ансамбля розных часоў з сённяшнімі выканаўцамі! Ад імя гэтай каготры слова трымаў Дзмітрый Паўлоўскі, які не толькі ўзгадаў былое, але і перадаў землякам віншаванні ад кіраўніцтва і работнікаў культуры Мінскага раёна, дзе ён зараз працуе на культурнай ніве. І раптам сама сабой прыйшла ідэя: Дзмітрый Вітальевіч прапанаваў далучыцца да сённяшняга ансамбля былым яго ўдзельнікам, што сядзелі ў зале ў якасці гасцей, і разам заспяваць на сцэне пад жывыя гукі баяна. Як некалі! Без рэпетыцый, а атрымалася вельмі хораша!
Увогуле песень і цудоўнай музыкі было не менш, чым сонечных усмешак і яркіх кветак. Сваіх калег прыехалі павіншаваць з юбілеем і прывезлі вянок сваіх самых лепшых кампазіцый народны ансамбль народнай песні “Медуніцы” пад кіраўніцтвам Генадзія Панова і народны ансамбль духоўных спеваў “Прэабражэнне” пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч. Зала была ў захапленні.
А як чароўна, мілагучна, хвалююча гучалі песні тых, хто зараз стварае імідж “Сябрыны”! Ірына Гаркалава, Галіна Лазоўская, Дзмітрый Паварга, Валянціна Клімовіч, Марына Парфіновіч, Ганна Стасевіч, Таццяна Цывінская, Наталля Каптур – вось залатыя галасы сённяшняга ансамбля. “Ой, у дуброве”, “А я ўсё дзіўлюся”, “Марыся”, “Ай ды полька!” – гэтыя і іншыя народныя мелодыі падхоплівала ўся зала. Апладзіравалі напрыканцы стоячы і не шкадавалі далоняў!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.