Белы бычок у нацыянальным касцюме, каўпачок для шампанскага і ёлачныя цацкі на любы густ. Шчучынскія майстры рыхтуюць навагоднія сюрпрызы аматарам хэндмейда

 

У гэтым пераканана творчая каманда аддзела рамеснай дзейнасці і народнай творчасці РЦКіНТ. Загадзя пачалі планаваць, чым парадуюць сваіх прыхільнікаў напярэдадні Новага года. Не сакрэт, што многія шчучынцы і госці горада, рыхтуючы сваім блізкім падарункі “пад елачку”, аддаюць перавагу вырабам майстроў – маленькім рукатворным шэдэўрам, што захоўваюць цеплыню чалавечых рук і часцінку душы аўтара.

 

У творчай майстэрні валадарыла нейкая асаблівая атмасфера. Тут нараджаліся эксклюзіўныя ёлачныя цацкі, нацыянальная вышыўка, упрыгожанні для сервіроўкі святочнага стала, сімвалы новага года. Вось і той самы белы бычок у беларускім народным касцюме, чырвоны каўпачок на галаву … бутэльцы з шампанскім, экалагічныя капшучкі для падарункаў з лёну – у тым ліку і ў класічнай форме валёнка ці боціка. Ды чаго тут толькі няма?! Дзіву даешся, як такое ўвогуле можна прыдумаць і тым больш уручную зрабіць. Напрыклад, вельмі прыгожыя гіганцкія сняжынкі з такога празаічнага матэрыялу-уцяпляльніку, як ізалон, што купляецца ў магазіне будаўнічых матэрыялаў. Вельмі нестандартныя ідэі нараджаюцца ў аддзяленні рамеснай дзейнасці і народнай творчасці!

 

 

 – Я заўжды марыла аб нейкай маштабнай рабоце, – прызнаецца метадыст-майстар Вольга Каранкевіч. – І гэта імкненне мы разам з калегамі рэалізуем у падрыхтоўцы дзвюх навагодніх фотазонаў, што будуць устаноўлены ў холах раённага цэнтра культуры. Многае захоўваем у сакрэце, каб атрымаўся сюрпрыз. Здаецца, наша задумка пераўзыходзіць усе спадзяванні. Так што ў навагоднія і калядныя дні запрашаем жадаючых на незвычайныя фотасесіі ў нашых інтэр’ерах! Будзе цікава!

 

Над навагоднімі сюрпрызамі і сувенірамі ў гэтыя дні карпатліва працуюць Вольга Роліч, Наталля Лябецкая, Вольга Каранкевіч, Таццяна Лебядзевіч, Юлія Тарас. Да дарослых ахвотна падключаюцца рабяты-гурткоўцы. У хуткім часе шчучынцы змогуць набыць усе гэтыя вырабы ў новым сувенірным магазіне, які адкрыецца прама ў сценах РЦКіНТ.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!