Надзейнасць, якасць, своечасовасць – іх брэнд. Сёння – дзень будаўніка

 

Шчучынская МПМК-167 з’яўляецца адной з самых эфектыўных і вядомых будаўнічых арганізацый Гродзенскай вобласці.

 

Прыгажэе і развіваецца наш родны край. Растуць новыя мікрараёны, рамантуецца стары жылфонд, з’яўляюцца сучасныя малочна-таварныя комплексы. Жыццё віруе, а руку на ягоным пульсе трымаюць будаўнікі. Менавіта яны ўзводзяць новыя аб’екты, якія паляпшаюць жыццё сучаснікаў і застаюцца ў спадчыну нашчадкам. Будаўнікі Шчучыншчыны адзначаюць сваё прафесійнае свята, а гэта значыць, што зараз самы час расказаць пра флагман будаўніцтва нашага раёна – Шчучынскую МПМК-167.

 

Шчучынская МПМК-167 з’яўляецца адной з самых эфектыўных і вядомых будаўнічых арганізацый Гродзенскай вобласці. Яна займае лідарскія пазіцыі па ўсіх найважнейшых паказчыках. За 6 месяцаў гэтага года рост вытворчасці працы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года тут склаў 137,6%. Па выніках паўгоддзя прадпрыемства спрацавала з прыбыткам, а рэнтабельнасць вытворчасці склала больш за 20%. Як атрымліваецца дасягаць такога росту, мы даведаліся ў дырэктара Шчучынскай МПМК-167 Юрыя Краеўскага.

 

Юрый Станіслававіч працуе ў арганізацыі з 2001 года. Пачынаў з пасады майстра і прайшоў усе кар’ерныя ступені, таму справу сваю ведае дасканала. Прыблізна год таму ён быў прызначаны дырэктарам.

 

– Не магу сказаць, што за год кіраўніцтва прадпрыемствам мне стала цяжэй працаваць, – кажа Юрый Краеўскі. – Адно ведаю дакладна – узрасла адказнасць за людзей. Улічваючы тое, што за жыццё меў толькі адно рабочае месца, адну арганізацыю, то для мяне тут нічога новага не было. Нюансы работы, нашы моцныя і слабыя бакі мне даўно вядомыя. Гэта ў сваю чаргу дапамагае эфектыўна кіраваць. Але галоўная прычына, за кошт якой атрымліваецца дасягаць пастаўленых мэтаў, – старанная праца ўсяго калектыву. Мы будуем усё: ад жылля і аб’ектаў сацкультбыту да фермаў і заводаў. Прычым геаграфія будаўніцтва выходзіць далёка за межы Шчучынскага раёна.

 

 

Сёлета будаўнічыя брыгады МПМК-167 працавалі на 30 аб’ектах у Мастоўскім, Ваўкавыскім, Слонімскім, Лідскім раёнах і, вядома, Шчучынскім. Сярод буйных нядаўна здадзеных аб’ектаў – жылы квартал у аграгарадку Абухава і шасцідзесяцікватэрны дом у мікрараёне жылой забудовы па вуліцы Заводскай у Шчучыне.

 

– Магу з упэўненасцю сказаць, што для мяне і маіх калег Дзень будаўніка – сімвалічнае і важнае свята, – заўважыў дырэктар прадпрыемства. – Штогод мы яго адзначаем у працоўным калектыве, гэта ўжо трывалая традыцыя. Напярэдадні прафесійнага свята хачу пажадаць усім калегам, работнікам МПМК-167 моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, пазітыву, сямейнага шчасця і добрага заробку.

 

Як было адзначана, галоўная прычына добрай работы прадпрыемства – зладжаная праца калектыву. Зараз у Шчучынскай МПМК-167 працуюць каля 300 чалавек. Сярод іх маляр Святлана Парфіновіч, якая ў маі гэтага года справіла невялікі прафесійны юбілей: 15 гадоў яна працуе ў Шчучынскай МПМК-167 і за гэты час стала начальнікам брыгады, маляром 5 разраду.

 

Калі хтосьці думае, што брыгадзір толькі кіруе працэсам, то гэта дакладна не пра Святлану Казіміраўну. Яна сваім прыкладам натхняе падначаленых на працоўныя дасягненні і вучыць навічкоў прафесіі. Тынкоўка, шпаклёўка, афарбоўка і іншыя абавязкі маляра ў значнай ступені ўплываюць на эстэтычную завершанасць любога аб’екта, таму тут важныя акуратнасць і ўвага да дробязей.

 

 

– Раней працавала ў бальніцы на харчаблоку, – расказвае Святлана Казіміраўна. – Але вырашыла змяніць род дзейнасці і ў 2009 годзе прыйшла ў будаўніцтва. З той пары ні разу не пашкадавала аб выбары, мне падабаецца мая прафесія.

 

Улічваючы шырокую геаграфію аб’ектаў, з якімі працуе Шчучынская МПМК-167, Святлана часта працуе за межамі Шчучынскага раёна. Напрыклад, зараз яна задзейнічана на будаўніцтве малочна-таварнага комплексу ў вёсцы Мікелеўшчына, што на Мастоўшчыне. Наступны аб’ект будзе ў Лідскім раёне.

 

– Звычайна нас возяць на аб’екты са Шчучына, але бываюць і камандзіроўкі. Запомнілася, як будавалі ферму ў Карэліцкім раёне, там мы з калектывам жылі вахтамі па тыднях. Увогуле графік шчыльны, бывае, што часу хапае толькі на адпачынак пасля працы. Але не стала б скардзіцца, гэта справа звычкі, шукаць нешта іншае не хачу, бо тут падабаецца. І калектыў у нас дружны. Сяброўства выходзіць за межы прафесійных адносін. Часта разам адзначаем дні нараджэння, наша прафесійнае свята – Дзень будаўніка.

 

 

Разам ездзім на экскурсіі. У мінулым годзе былі ў парку гісторыі Сула пад Мінскам, сёлета плануем наведаць палац у Косаве. Гэта згуртоўвае, вельмі дапамагае добра і якасна выконваць працу, без канфліктаў і непаразуменняў.

 

Як адзначае Святлана Казіміраўна, будаўніцтва прыцягвае яе сваёй стваральнай працай на карысць грамадства.

 

– Заўсёды прыемна на душы становіцца, калі праязджаеш міма дома ці іншага аб’екта, на якім працавала. Тады ўсведамляеш, што ва ўсім гэтым ёсць доля і маёй працы. Заўсёды працую сумленна, ад таго, напэўна, заўсёды задаволена вынікамі сваёй работы.

 

На думку Святланы Парфіновіч, сфера будаўніцтва за апошнія 15 гадоў значна эвалюцыянавала. Змяніліся патрабаванні да якасці будаўнічых аб’ектаў, палепшыліся ўмовы працы і тэхналогіі. Прычым змены закранулі не толькі шчучынскае прадпрыемства, але і ўсю краіну ў цэлым.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.


Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць усіх будаўнікоў і ветэранаў галіны з прафесійным святам. Дзякуй вам за напружаную і стваральную працу. Прыміце самыя шчырыя пажаданні шчасця, здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і поспеху ў вашай мірнай і стваральнай працы на карысць Шчучыншчыны і нашай любімай Беларусі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!