Інвестыцыі ў будучае малочнай жывёлагадоўлі. У Шчучынскім раёне ідзе мадэрнізацыя двух малочнатаварных комплексаў
Павышэнне эфектыўнасці ў сферы жывёлагадоўлі – задача, якая круглы год стаіць перад работнікамі ферм і комплексаў Шчучыншчыны. Асаблівая ўвага надаецца вытворчасці малака, паказчыкі якой з кожным годам павялічваюцца. Сёлета ў Шчучынскім раёне пачалася маштабная рэканструкцыя двух малочнатаварных комплексаў – у ААТ “Дэмбрава” і КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”.
Новыя аб’екты з’явяцца на МТК каля вёскі Мураўёўка і аграгарадка Вялікае Мажэйкава адпаведна. Чакаецца, што гэтыя комплексы стануць прыкладам для іншых сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны і значна паспрыяюць развіццю малочнай жывёлагадоўлі ў нашым раёне.
На тэрыторыі фермы каля вёскі Мураўёўка праектам прадугледжана будаўніцтва кароўніка на 250 галоў боксавага ўтрымання, даільна-малочнага блока і іншых камунікацый, якія неабходны для эфектыўнага функцыянавання комплексу.
Пасля будаўніцтва запраектаваных аб’ектаў стары будынак кароўніка будзе выкарыстоўвацца для ўтрымання сухастойных кароў. Агульная колькасць жывёлы на ферме з улікам існуючых будынкаў будзе складаць 310 галоў.
Для кіравання малочнай фермай будзе выкарыстоўвацца сучаснае камп’ютарнае абсталяванне, якое ўключае ў сябе сістэмы кіравання даеннем і статкам. Улік атрыманага ад кожнай каровы малака будзе ажыццяўляцца лічыльнікам малака і заносіцца ў камп’ютар. Акрамя таго, камп’ютар дазволіць хутка і беспамылкова атрымаць любы від ключавой інфармацыі і даныя для кантролю працэсаў вытворчасці малака і догляду жывёлы. Кожная карова будзе мець шыйны ідэнтыфікатар, што дазволіць сістэме распазнаваць і мець інфармацыю па кожнай карове ў статку.
Аналагічныя тэхналагічныя рашэнні будуць задзейнічаны і пры мадэрнізацыі фермы каля Вялікага Мажэйкава.
Чакаецца, што новыя аб’екты ў Мураўёўцы будуць здадзены ў эксплуатацыю ўжо ў гэтым годзе. Увод у эксплуатацыю МТК каля Вялікага Мажэйкава запланаваны на 2025 год.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.