Святыня, якая аб’ядноўвае. Даведаліся, як захоўваецца гістарычная спадчына ў ішчалнаўскай парафіі (+ВІДЭА)
Шчучыншчына – край цудоўных архітэктурных скарбаў, якія захоўваюць у сабе ўспаміны аб былых стагоддзях і ўзбагачаюць нашу культуру. Куды ні паедзь, паўсюль у нашым раёне знойдзеш якую-небудзь цікавостку. Гэтым разам шлях завёў нас у вёску Ішчална Мажэйкаўскага сельсавета. Галоўнай архітэктурнай дамінантай населенага пункта з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Троіцы, якому ў гэтым годзе спаўняецца 266 гадоў.
Гісторыя парафіі ў Ішчалне пачынаецца ў 1515 годзе, менавіта тады быў закладзены першы драўляны касцёл. Будаўніцтва сучаснага цаглянага храма пачалося ў 1775 годзе. Новая святыня паўстала на месцы старой, захаваўшы яе памеры і сістэму алтароў.
Храм быў пабудаваны ў стылі “сармацкага” барока. На фоне асноўнага аб’ёму будынка вылучаецца галоўны фасад з выступаючымі квадратнымі вежамі і пяцігранная алтарная частка апсіда. Недалёка ад храма ў дзевятнаццатым стагоддзі была пабудавана званіца. Знаходзячыся на ўзвышшы, касцёл уздымаецца над вёскай, утвараючы прыгожы краявід, які радуе вока вернікаў і падарожнікаў.
На прыкасцёльнай тэрыторыі можна пабачыць сонечны гадзіннік, які з’яўляецца ўнікальным узорам дакладнай механікі. Выраблены ён быў у Вільні ў васямнаццатым стагоддзі.
Інтэр’ер у касцёла Найсвяцейшай Троіцы шыкоўны, яго ўпрыгожваюць шматлікія скульптуры, ляпніна і абразы. Вялікую ўвагу людзей прыцягвае скульптурная кампазіцыя “Арханёл Міхаіл перамагае Зло”, таксама цікавасць выклікае амбон. Храм налічвае тры алтары: адзін цэнтральны і два бакавыя. Галоўны алтар упрыгожаны вялікім абразом Святой Троіцы. Нават мясцовыя жыхары, якія ўжо шмат стагоддзяў наведваюць святыню, захапляюцца прыгажосцю інтэр’ера.
Адметнай рысай храма з’яўляецца ўнутранае асвятленне. У сонечны дзень моцныя сцены знутры напаўняюцца пяшчотнымі промнямі, якія асвятляюць разнастайныя скульптуры і абразы, падкрэсліваючы і без таго вытанчаныя творы мастацтва. Адразу бачна, наколькі разумнымі былі нашы продкі, будавалі сумленна, рабілі ўсё для таго, каб людзі мацней адчувалі Боскую ласку.
Прыцягвае касцёл Святой Троіцы таксама і аматараў музыкі. Справа ў тым, што тут знаходзіцца стары арган, пабудаваны на фабрыцы Вацлава Бярняцкага ў 1909 годзе. Музыкальны інструмент захаваўся ў аўтэнтычным стане і сёння працуе. Бачна, што за сваю больш чым стогадовую гісторыю арган рэдка выкарыстоўваўся. На жаль, у парафіі сёння няма арганіста, але без музыкі святыня не застаецца, тут дзейнічае свой хор. Пра гэта нам расказала парафіянка Ганна Пенталь:
– Хору, якім кіруе Марыя Крыпень з вёскі Кемяны, ужо 50 гадоў. Тут сфармаваліся пэўныя традыцыі, якія перадаюцца праз пакаленні. Шмат у якіх касцёлах спевакі зараз карыстаюцца мікрафонамі альбо ўключаюць запіс. А тут жывы гук і прыгожыя, атмасферныя спевы. Таму наш хор вядомы і за межамі парафіі.
Падрабязней пра сучаснае жыццё парафіі ў Ішчалне нам расказала казначэй касцельнага камітэта Марыя Янкоўская:
– Мне было 40 гадоў, калі я шчыра павярнулася тварам да Бога. У тым вялікая заслуга ксяндза Казіміра Войнюша. Раней у нашай парафіі было шмат людзей, налічвалася каля 5000 чалавек, на сёння засталося толькі 500. Было шмат моладзі. Ксёндз Казімір любіў дзяцей, гуляў з імі ў футбол, ладзіў кожнае лета пры касцёле лагер.
На вялікі жаль, у 2014 годзе пасля цяжкай хваробы ксёндз Казімір Войнюш памёр. На яго месца прыйшоў малады святар з Жалудка Андрэй Кеўлюк. Энергічны святар распачаў добраўпарадкаванне тэрыторыі храма. Спачатку заняўся пліткай каля пярэдняга фасада. Парафіяне збіралі на гэтыя патрэбы грошы, таксама тады аказалі спонсарскую дапамогу мясцовыя арганізацыі. Тэрыторыя вакол касцёла абнавілася, але яшчэ больш рамонту патрабаваў інтэр’ер храма.
– Менавіта ксёндз Андрэй разварушыў гэтую справу, – расказвае Марыя Янкоўская. – За чатыры з паловай гады дзякуючы актыўнаму збору сродкаў у парафіі і рацыянальнаму кіраўніцтву з боку ксяндза Андрэя атрымалася зрабіць добры рамонт і аднавіць некаторыя элементы інтэр’ера. Ачышчаліся сцены, былі замазаны шчыліны.
Унутранае ўбранне храма “задыхала” па-новаму. Помнік архітэктуры прыгажэў, аднак вонкавыя сцены трэскаліся, пакрываліся цвіллю і мохам. Галоўны фасад некалі бялюткага будынка пачаў чарнець. Знешні выгляд храма патрабаваў дапамогі, прыхаджане зноў арганізаваліся і сабралі сродкі. Выгляд пярэдняга фасада быў абноўлены. Гэтую працу курыраваў цяперашні пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Урбановіч. Дзякуючы яго намаганням была створана ўся неабходная для рэстаўрацыі дакументацыя.
– Нашай парафіі шанцуе на святароў, – адзначае Марыя Янкоўская. – Ксёндз Дзмітрый мае добрыя арганізатарскія здольнасці, што дапамагае нам сёння ў справе захавання святыні. Сёлета быў абноўлены знешні выгляд званіцы пры касцёле. Рэстаўрацыяй займалася спецыяльная будаўнічая арганізацыя, ёсць дамоўленасць, што гэтыя ж майстры ў наступным годзе пачнуць паляпшаць знешні выгляд паўночнай бакавой сцяны храма. Да канца гэтага года плануем яшчэ добраўпарадкаваць старую агароджу вакол касцёла. Колькі будзем жыць – столькі будзем рамантавацца.
Парафіяне рупліва дбаюць пра сваю святыню, прыбіраюць нават самыя цяжкадаступныя месцы з дапамогай высокіх лесвіц. Асаблівы догляд за дахам. Аднойчы ў Ішчална прыязджаў архітэктар-вандроўнік, ён станоўча ацаніў якасць касцёльнага даху і адзначыў, што храм прастаіць яшчэ шмат стагоддзяў.
За час свайго існавання касцёл у Ішчалне стаў сапраўднай сямейнай рэліквіяй для тутэйшых людзей. Яны з дзяцінства яго наведваюць, тут вянчаліся, хрысцілі дзяцей і ўнукаў, а таксама адпраўляюць родных у апошні шлях. Храм ужо даўно стаў родным домам для людзей, таму пакідаць яго ў занядбанні ніхто не збіраецца.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара і з інтэрнэт-крыніц.