Агульная малітва, песні, танцы і… эксклюзіўныя пернікі… У касцёле святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне праходзяць "Канікулы з Богам"
Акцыя "Канікулы з Богам" стала добрай традыцыяй не толькі для касцёла святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, але і для ўсяго нашага горада.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, пачынаючы з дзіцячага садка і да выпускнікоў устаноў адукацыі, добра ведаюць, што напрыканцы жніўня іх абавязкова чакаюць у касцёле на канікулы. Хтосьці з іх прыходзіць туды адпачыць, а вось старэйшыя бяруць на сябе ролю важатых атрадаў і дапамагаюць малодшым рабятам арыентавацца ў праграме кожнага дня.
Але не толькі дзеля адпачынку прыходзяць у касцёл дзеці, найперш – дзеля малітвы: кожны дзень распачынаецца і заканчваецца духоўнай размовай з Богам. І паміж мерапрыемствамі рабяты звяртаюцца да Яго са сваімі малітвамі.
– На "Канікулы з Богам" прыходжу кожны год, пачынаючы з тае пары, калі вучылася ў першым класе, – расказвае пяцікласніца Мілана Фірыновіч. – І не адна, а з сяброўкамі. Нам тут усё вельмі падабаецца. Мы многа спяваем касцельных песень, танцуем, адпачываем. І, канечне ж, молімся. Кожны дзень атрымліваем салодкі падарунак.
– Сёлета ў нашай штогадовай акцыі "Канікулы з Богам" прымаюць удзел каля 650 дзяцей і маладых людзей, – гаворыць ксёндз Андрэй Агель. – Мы вельмі рады, што ўсе яны з задавальненнем прыходзяць у касцёл. Хачу падкрэсліць, што заўсёды чакаем усіх хлопчыкаў і дзяўчынак, незалежна ад таго, каталікі яны ці праваслаўныя. Духоўнае выхаванне вельмі важнае для кожнага дзіцяці. А сумесная малітва і сумесны адпачынак аб'ядноўваюць дзяцей, даюць ім магчымасць пазнаёміцца і пасябраваць.
Не застаюцца ў баку ад такой важнай справы прадпрыемствы не толькі нашага раёна, але нават вобласці. Салодкія падарункі – сыркі і марожанае – атрымалі ўдзельнікі "Канікулаў з Богам" ад ААТ "Малочны Мір" дзякуючы генеральнаму дырэктару кампаніі Марыне Анікеевай. А на днях да рабят завіталі дырэктар ТАА "Праймілк" Анатолій Бяляўскі і прадстаўнікі калектыву. Як расказала брэнд-шэф прадпрыемства Вольга Вільчэўская, для дзяцей яны падрыхтавалі незвычайныя салодкія прызы: эксклюзіўныя пернікі, якімі адразу можна паласавацца, – адны з надпісам "Канікулы з Богам", а іншыя – з лагатыпам кампаніі "Праймілк". Акрамя гэтага, рабяты змогуць адчуць сябе сапраўднымі кандытарамі і з паўфабрыкату цеста і глазуры, якія яны таксама атрымалі ў падарунак, спячы пернік, прыгожа размаляваць яго і… накіраваць на конкурс. Пераможца атрымае прыз.
– Мы вельмі ўдзячны Марыне Анікеевай і Анатолію Бяляўскаму, калектывам гэтых прадпрыемстваў, а таксама некаторым індывідуальным прадпрымальнікам Шчучыншчыны і ўсім людзям добрай волі за іх неабыякавасць, за падтрымку і шчырае імкненне прыўнесці ў адпачынак нашых дзяцей прыемную салодкую нотку, – гаворыць ксёндз Андрэй Агель.
Цэлы тыдзень цудоўнага адпачынку на "Канікулах з Богам" падорыць рабятам новыя прыемныя эмоцыі, якія ім так патрэбны перад пачаткам новага навучальнага года.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.