Свята да нас прыходзіць. У Шчучыне і раёне на снежань запланаваны цікавыя мерапрыемствы

 

Традыцыйна першы зімовы месяц праходзіць у святочнай атмасферы чакання Новага года. Вось і сёлета ў Шчучыне і раёне на снежань запланаваны цікавыя мерапрыемствы, якія не дадуць гараджанам і вяскоўцам сумаваць.

 

Шмат навагодніх мерапрыемстваў адбудзецца на наступным тыдні. 15 снежня ў Шчучыне пачнецца акцыя “Нашы дзеці”. У рамках яе ў кінатэатры “Беларусь” пройдзе дабрачынны ранішнік для раённай арганізацыі “Белай Русі”. Таксама ў гэты дзень запланавана віншаванне дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў аддзяленнях Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы.

 

16 снежня ў 17.00

 

на плошчы Свабоды ў Шчучыне свае агеньчыкі запаліць галоўная елка раёна. У гэтым годзе арганізатары абяцаюць насычаную канцэртную праграму з казачнымі персанажамі. У пятніцу, суботу і нядзелю тут будуць праводзіцца традыцыйныя гульнявыя забавы для дзяцей у рамках “Навагодняга марафону”.

 

19 снежня адкрыецца адзіная ў Шчучынскім раёне рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якая размесціцца ў рыбалоўна-паляўнічай гаспадарцы “Каменскае”. Рэзідэнцыю змогуць наведаць арганізаваныя групы дзяцей.
22 снежня адбудзецца ўшанаванне таленавітай моладзі раёна ў сферы культуры, а праз дзень на плошчы Свабоды пройдзе інтэрактыўная квэст-гульня “Дэтэктыўныя гісторыі” для працуючай моладзі.
20 снежня каля міні-рынка “Раніца” ў Шчучыне адкрыецца елачны кірмаш.

 

Таксама цягам апошняга месяца гэтага года будуць праходзіць дабрачынныя мерапрыемствы для дзяцей-інвалідаў і сірот. Вельмі важна стварыць для іх святочны настрой і перадаць радасць навагодніх цудаў.
Плануецца ўшанаванне спартсменаў нашага раёна, а таксама сустрэча з таленавітай і актыўнай моладдзю. Гэтыя мерапрыемствы пройдуць 30 снежня ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

Яшчэ 30 снежня ў 15.00 каля галоўнай елкі на плошчы Свабоды ў Шчучыне будзе праводзіцца конкурс “Лепшы Дзед Мароз, Снягурачка і кампанія”. Гэтае мерапрыемства ладзіцца ўжо не першы год, а яго назва гаворыць сама за сябе. Парам канкурсантаў трэба будзе паказаць сваю творчую праграму для дзетак і зрабіць самапрэзентацыю як мага больш крэатыўнай. Вызначэнне лепшых навагодніх персанажаў будзе цікавым не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Штогод канкурсанты праяўляюць сябе з найлепшага боку і нават ладзяць тэатральныя пастаноўкі, таму імпрэза абяцае быць цікавай. Абавязкова наведайце яе з дзецьмі.

 

У навагоднюю ноч на цэнтральнай плошчы Шчучына адбудзецца канцэрт, дзе ўсе жадаючыя змогуць павадзіць карагоды, паслухаць музыку і сустрэць 2023 год разам. А раніцай 1 студзеня ў 12.00 каля галоўнай елкі пройдзе ранішнік для дзяцей.

 

Разам з тым, у снежні праводзіцца конкурс на лепшае ўпрыгожванне арганізацый Шчучынскага раёна, вынікі якога будуць падведзены ў канцы месяца.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!