Старасць – на радасць: шчучынскія пенсіянеры прынялі ўдзел у агульнарэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзе

Сёння шчучынскія пенсіянеры прынялі ўдзел у агульнарэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзе, арганізаваным у рамках акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць”. Мерапрыемства было прысвечана Дню пажылых людзей.

 

Такія марафоны праходзілі па ўсёй краіне і пачыналіся адначасова ў 10.30.

 

Шчучынскі спартыўны маршрут складаў два з паловай кіламетры, ён пачынаўся ад палаца Друцкіх-Любецкіх і завяршаўся каля помніка-самалёта на ўездзе ў горад. Усяго ў нашым раённым цэнтры ў спартыўным свяце прынялі ўдзел 10 пенсіянераў. Вялікую ролю ў арганізацыі мерапрыемства адыграла аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна.

 

 

Разам з удзельнікамі марафону дыстанцыю прайшоў таксама і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі.

 

Перад стартам для ўзроставых спартсменаў правяла размінку кіраўнік спартыўна-аздараўленчага гуртка “Рытм” Алена Кавальская.

 

Стартавы свісток даваў дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Струкель. Ён падзяліўся сваімі думкамі аб акцыі:

 

– Мерапрыемствы такога кшталту вельмі важныя, бо яны папулярызуюць здаровы лад жыцця сярод пажылога насельніцтва нашага раёна. У Шчучыне створана добрая спартыўная інфраструктура, але часцей ёй карыстаецца моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. Дзякуючы сённяшняму марафону па скандынаўскай хадзе, у сталых людзей ёсць магчымасць разам займацца спортам і ўмацоўваць сваё здароўе.

 

 

Пасля дыстанцыі ўсе жадаючыя завіталі на гарбату ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас чаявання яны абмеркавалі свае спартыўныя дасягненні.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!