Шчучынцы прынялі ўдзел у падвядзенні вынікаў года ў выдавецкай галіне і сферы распаўсюджання кніг у Нацыянальнай бібліятэцы

"Трэба вяртаць кнігу ў сямейныя скарбы" – гэта думка чырвонай ніткай праходзіла праз усю канву ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага падвядзенню вынікаў года ў выдавецкай галіне і сферы распаўсюджання кніг. У прыгожай імпрэзе, што адбылася ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, брала ўдзел і дэлегацыя са Шчучыншчыны на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.В. Ганчарук.

 

З цікавасцю знаёміліся шчучынцы з выставай кніг, якія былі выдадзены ў краіне ў 2019 годзе. А гэта ні многа ні мала, а каля 5 тысяч! Паводле аналізу спецыялістаў, самымі чытаемымі беларускімі пісьменнікамі года аказаліся Уладзімір Караткевіч, Мікалай Чыргінец, Наталля Батракова…  Як зазначыла, дырэктар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі А.М. Янкоўская, менавіта творы гэтых аўтараў карыстаюцца найбольшым попытам і ў чытачоў нашага рэгіёна. Прыемнай была нефармальная гутарка шчучынцаў са старшынёй Беларускага саюза пісьменнікаў, аўтарам шматлікіх бестселераў Мікалаем Чыргінцом, які запомніў Шчучын дзякуючы яркаму фестывалю – Дню беларускага пісьменства. Абмяняўшыся ўражаннямі як добрыя знаёмцы, пісьменнік пажадаў шчучынцам новых маштабных праектаў, а Аляксандра Мікалаеўна ад імя ўсіх сваіх землякоў запрасілі літаратара ў госці – на чарговую сустрэчу з чытачамі бібліятэкі імя Цёткі.

 

 

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства слова трымалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта А.М. Кунцэвіч, намеснік міністра інфармацыі І.І. Бузоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.С. Ананіч і іншыя вядомыя людзі краіны. У выступленнях падкрэслівалася багатая кнігавыдавецкая культура Беларусі, тое, як дастойна нашы кнігі прадстаўляюць краіну на міжнародных выставах за мяжой. Гаварылася і аб адказнасці кнігавыдавецтваў – а іх у рэспубліцы больш за 520 – перад грамадствам: не павінна так быць, каб кнігі выдаваліся не дзеля асветы, а выключна з камерцыйнымі мэтамі.

 

У святочнай атмасферы праходзіла працэдура ўзнагароджання калектываў і супрацоўнікаў галіны па выніках работы ў 2019 годзе.

 

 

– Мы таксама наладзілі плённае супрацоўніцтва з такімі выдавецтвамі, як “Звязда”, “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Народная асвета”, “Харвест”, “Чатыры чвэрці” і іншыя, – падзялілася з намі дырэктар Шчучынскай раённай бібліятэкі А.М. Янкоўская. – Толькі за 2019 год кніжны фонд раёна папоўніўся на 3718 кніг, а ўсяго ён складаецца з 301970 асобнікаў. Дарэчы, на Шчучыншчыне працуюць 16 бібліятэк, якія абслугоўваюць 18460 чытачоў.

 

 

Мерапрыемства ў храме беларускай кнігі закончылася паказам спектакля “Пясняр” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, прысвечанага народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, дзякуючы якому беларуская песня і беларуская паэзія сталі часткай сусветнай культуры.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!