У якасці падтрымкі ад ісландскага і швейцарскага Чырвонага Крыжа прыйшоў гуманітарны груз на Шчучыншчыну

– Такая дапамога зусім не лішняя, – канстатуе старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Г.С. Мацюк. – Ёсць людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, маламаёмасныя сем’і, калі на кожнага члена штомесяц не прыходзіцца па 200 рублёў, інваліды з нізкімі даходамі – вось ім і дапамагаем. Каб быць максімальна аб’ектыўнымі, гуманітарную дапамогу выдаём на падставе прад’яўленых дакументаў аб даходах. Цесна супрацоўнічаем з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, са школамі раёна, дзе добра ведаюць матэрыяльныя праблемы некаторых шматдзетных сямей. Таму да нас звяртаюцца не толькі гараджане, але і вяскоўцы.

У памяшканнях РА БТЧК досыць ажыўлена. У каробках, упакаваных у іншай дзяржаве нечымі клапатлівымі рукамі, – адзенне і дзіцячы абутак, школьныя прыналежнасці і цацкі. Некалькі чалавек выбіраюць неабходныя ім рэчы. Так, жыхарка аграгарадка Новы Двор Лілія Станіславаўна Роўная завітала сюды з дзецьмі. Першакласніца Аляксандра выбрала яркі пенал і забаўнае тыгранё. Мама ж падбірала для дзяўчынкі абутак.
– Выхоўваю дзяцей адна, прыходзіцца цяжкавата, – прызнаецца жанчына. – Старэйшы сын служыць у арміі, дачка – студэнтка аграўніверсітэта, а дома – двое школьнікаў. Любая дапамога пры маёй сціплай зарплаце вельмі дарэчы. Шчыра ўдзячна падзвіжнікам Чырвонага Крыжа і ўсім тым, хто падтрымлівае гэту арганізацыю ўзносамі, за іх добрасардэчнасць і рэальную дапамогу людзям.
Дарэчы, у Кнізе прапаноў таксама свежыя ўдзячныя запісы. Іх пакінула жыхарка аграгарадка Орля. А ўсяго міжнародную гуманітарную дапамогу ўжо атрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Добрая справа не мае межаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!