Старадаўнім абрадам "Зажынкі" далі старт жніву ў Шчучынскім раёне
Сёння на Шчучыншчыне прайшло раённае свята "Зажынкі-2023". Традыцыйны, самабытны абрад даў старт уборачнай кампаніі. Гасцінная і працавітая жалудоцкая старонка сустракала кіраўніцтва Шчучынскага раёна, ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” і яго філіялаў, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, і, вядома, хлебаробаў мясцовай гаспадаркі на залацістым хлебным полі.
"Зажынкі" -- гэта не проста абрад, які праводзіцца з глыбокай старажытнасці. Перш за ўсё, гэта ўрачыстасць, радасць людзей пры зборы новага ўраджаю. Гэта свята гарманічна спалучае ў сабе найважнейшае: тут і народны абрад зажынак першага снапа жнеямі ў нацыянальных касцюмах, і блаславенне ад святароў. І ўсё гэта -- на фоне магутнай сучаснай тэхнікі, якая чакае свайго часу, каб прыступіць да вялікай працы.
Пачэснае права адкрыць свята было прадастаўлена першаму намесніку старшыні райвыканкама -- начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігару Аверку, які адзначыў асаблівы момант старту ўборачнай.
-- Сімвалічна, што на Шчучыншчыне працягваюць традыцыю пачынаць уборку збожжавых з “Зажынак”. У гэтым годзе шлях ад насення да коласа быў нялёгкім. Але вы, нашы земляробы, не здаваліся, сапраўды добрасумленна гадавалі хлеб. Аднак выгадаваць ураджай -- гэта паўсправы. Нездарма кажуць: хлеб той, што ў засеках. Збожжавы клін у Шчучынскім раёне займае 21 тыс. га. Акрамя таго, мясцовым аграрыям трэба будзе ўбраць 5,7 тыс. га рапсу, -- падкрэсліў Ігар Уладзіміравіч. -- Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе машынна-трактарны парк гаспадарак папоўніўся 5 адзінкамі зернеўборачных камбайнаў беларускай вытворчасці. Усяго на ўборцы будзе задзейнічана 88 камбайнаў. Усе яны спраўныя, экіпажы ўкамплектаваны, гатова да работы сушыльная гаспадарка. Пры спрыяльных умовах надвор’я ўборачная кампанія будзе завершана за 21-24 дні. Жадаю хлебаробам важкіх намалотаў. Галоўнае, каб зараз не падвяла тэхніка і надвор'е, усё астатняе -- справа рук вяскоўцаў, настроеных сабраць ўраджай якасна і ў вызначаныя тэрміны.
Павіншаваў прысутных з пачаткам уборачнай кампаніі генеральны дырэктар ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Дзмітрый Капко: “Тым, хто працуе на зямлі, важна адчуць даніну павагі да сваёй высакароднай працы. Упэўнены, і сёлета падчас уборачнай кампаніі зладжана папрацуюць нашы хлебаробы і забяспечаць харчовую бяспеку краіны, -- выказаў надзею Дзмітрый Міхайлавіч. -- Уборка хлеба ніколі не была лёгкай. Таму давядзецца трымаць іспыт на прафесіяналізм, арганізатарскія здольнасці, адданасць і згуртаванасць, каб сумеснымі намаганнямі ўбраць шчодрую збожжавую ніву”.
-- Галоўнае, каб у поле ўсе выходзілі ў добрым настроі, -- звярнуўся да прысутных дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Станіслаў Гузень. -- Тады ўсё ў нас атрымаецца. Ну і, вядома, каб не забываліся пра бяспеку ў рабоце з тэхнікай. Памяталі, што ўсіх вас чакаюць дома, дзе рады бачыць не толькі здаровымі, але і з добрымі даходамі. А для гэтага трэба працаваць старанна, не пакладаючы рук, не лічачыся з часам. Пры такім стаўленні да справы заўсёды будзем з хлебам.
А затым, як спрадвеку вядзецца, пад народныя матывы пайшлі жнеі ў поле першы сноп жаць. Жанчыны ў нацыянальных каларытных касцюмах падзякавалі матухне-зямлі за ўраджай, нізка пакланіліся хлебнай ніве і толькі пасля гэтага зажалі першы сноп. Упрыгожыўшы каласы стужкамі, зажыначны сноп як сімвал багатага жніва перадалі першаму намесніку старшыні райвыканкама -- начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігару Аверку.
Свята хлеба не ўяўляецца і без духмянага каравая. Выпечаныя з мукі ўраджаю мінулага года, іх уручылі ганаровым гасцям, кіраўнікам гаспадарак і хлебаробам. Добры настрой прысутным у ясны ліпеньскі дзень стваралі ўдзельнікі народнага ансамбля беларускай песні "Сябрына".
Як і належыць па народных традыцыях, айцец Аляксандр і ксёндз Ян у малітве благаславілі ўсіх на новае жніво, здароўе і дабрабыт і акрапілі святой вадой тэхніку, палеткі і механізатараў, якія будуць убіраць вырашчаны хлеб.
Механізатары занялі свае месцы ў кабінах камбайнаў, і магутныя машыны рушылі ў поле па новы ўраджай. Што ж, у добры шлях, хлебаробы!
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Дзіяны КЕЙКА.