Старадаўнім абрадам "Зажынкі" далі старт жніву ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Васілішкі”

Па шматвяковых традыцыях, каб уборачная кампанія была паспяховай, папярэднічаць ёй павінен спецыяльны абрад. Не стаў выключэннем і гэты год -- "Зажынкі", прысвечаныя пачатку ўборкі ўраджаю 2025 года, прайшлі ў ААТ "Васілішкі".
Пачэснае права адкрыць свята было прадастаўлена дырэктару ААТ «Васілішкі» Антону Бурносу, які павіншаваў хлебаробаў з вельмі адказным момантам -- пачаткам жніва, пажадаў здароўя, высокіх намалотаў і добрага надвор'я.




-- Шлях ад насення да коласа быў нялёгкім. Але вы, нашы аграрыі, добрасумленна гадавалі хлеб. Аднак вырасціць ураджай -- гэта паўсправы. Упэўнены, і сёлета падчас уборачнай кампаніі зладжана папрацуюць нашы хлебаробы і забяспечаць харчовую бяспеку краіны, -- падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі. -- Давядзецца трымаць іспыт на прафесіяналізм, арганізатарскія здольнасці, адданасць і згуртаванасць, каб сумеснымі намаганнямі ўбраць шчодрую збожжавую ніву.


Павіншаваў усіх з пачаткам галоўнай і адказнай кампаніі генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” Віктар Шайбак:

-- Хлебныя палі цешаць вока. І гэта дзякуючы таму, што ўсе вы прыклалі максімум намаганняў, каб вырасціць добры ўраджай. У ААТ "Васілішкі" сёлета плануецца сабраць каля 45 тысяч тон збожжавых культур, 7000 тон рапсу і больш за 20 тысяч тон зерня кукурузы. Самае галоўнае -- своечасова ўбраць ураджай і захаваць яго, спрацаваць якасна, дружна і ў тэрмін. Упэўнены, і сёлета падчас уборачнай кампаніі зладжана папрацуюць нашы хлебаробы і забяспечаць харчовую бяспеку краіны. Галоўнае, каб у поле ўсе выходзілі ў добрым настроі, тады ўсё ў нас атрымаецца.
Потым у поле выйшлі жнейкі ў традыцыйных беларускіх касцюмах, сярпамі зрэзалі першыя каласы і акуратна звязалі іх у сноп, які з добрымі пажаданнямі і надзеяй на багаты ўраджай уручылі начальніку вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Івану Кімашэўскаму.
-- Сёлета гэта мая 35-я ўборачная кампанія, -- адзначыў Іван Феліксавіч. – У нашай гаспадарцы збожжавы клін займае 6540 га. Акрамя таго, нам трэба будзе ўбраць 1500 га рапсу. Галоўнае, каб зараз не падвялі тэхніка і надвор'е, усё астатняе -- справа рук аграрыяў, настроеных сабраць ўраджай якасна і ў вызначаныя тэрміны.
Свята хлеба не ўяўляецца і без духмянага каравая. Выпечаныя з мукі ўраджаю мінулага года, іх уручылі ганаровым гасцям і хлебаробам. Добры настрой прысутным у ясны ліпеньскі дзень стваралі ўдзельнікі народнага ансамбля песні "Васільковая раніца".


Як і належыць па народных традыцыях, іерэй Аляксандр і ксёндз Станіслаў у малітве блаславілі ўсіх на новае жніво, здароўе і дабрабыт і акрапілі святой вадой тэхніку, палеткі і механізатараў, якія будуць убіраць вырашчаны хлеб.

…І вось надышоў самы хвалюючы момант: камбайнеры селі за штурвалы караблёў палёў і вывелі тэхніку на хлебную ніву.

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
