Аграгарадок Васілішкі – своеасаблівы жыццёвы аазіс з сельскай прапіскай

 

І такі ўмоўны статус ён, аднойчы атрымаўшы, не страчвае, у сваім развіцці служыць прыкладам для іншых населеных пунктаў сельсавета. У гэтым значная заслуга размешчаных тут устаноў і арганізацый, мясцовага сельгаспрадпрыемства, раённых службаў, насельніцтва і, вядома ж, актыўнага каардынатара і ўдзельніка ўсіх добрых спраў – сельсавецкай улады.

 

– Менавіта наша вялікая агульная зацікаўленасць у стварэнні камфортных умоў для працы і жыцця больш чым 4300 жыхароў 92 населеных пунктаў, клопат пра чысціню і прыгажосць гэтага кавалачка роднай зямлі, умацаванне правапарадку, забеспячэнне адукацыйных, медыцынскіх і іншых стандартаў, сацыяльная абарона людзей і з’яўляюцца драйверамі руху да лепшага, складнікамі поспеху, – пераканана старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Зубрыцкая, якая ўжо 12 год на гэтай адказнай пасадзе, верай і праўдай служыць землякам. – Прычым, заўважу, мерапрыемствамі для забеспячэння належнага ўзроўню жыцця насельніцтва ахоплены не толькі нашы праслаўленыя Васілішкі, але і ўсе іншыя вёскі.

 

Працэс навядзення, падтрымання парадку і чысціні ў аграгарадках і вёсках пастаянны і вельмі аб’ёмны, падкрэслівае Тамара Іванаўна. І яе радуе, з якой любоўю мясцовыя жыхары будуюць новыя і абуладкоўваюць абжытыя сядзібы, ператвараючы іх у маленькія жыццёвыя аазісы.

 

Да таго ж на васілішкаўскай зямлі не месца спарахнелым, апусцелым сядзібам – вырашылі ўлада пярвічнага ўзроўню і суб’екты гаспадарання. Вось і летась было знесена 12 такіх будынкаў (8 – за кошт бюджэту, 4 – за сродкі ААТ “Васілішкі”), да таго ж у 19 пустуючых дамоў з’явіліся новыя гаспадары.

 

Галоўны і паважаны “ігрок” на грамадскім полі – ААТ “Васілішкі”. Дапамогу сельгаспрадпрыемства ў самых розных пытаннях жыццезабеспячэння складана перабольшыць. Напрыклад, за сродкі прафсаюза выдзелена 200 абанементаў у басейн, 238 тысяч рублёў накіравана на ахову працы, звыш 65 тысяч – на абуладкаванне бытовак... Плюс сацыяльныя гарантыі: дапамога работнікам і ветэранам працы ў апрацоўцы прысядзібных участкаў і вядзенні асабістых гаспадарак, матэрыяльная дапамога мнагадзетным сем’ям і іншым ктэгорыям грамадзян. Адзінокім пенсіянерам завезлі бясплатна звыш 17 тон бульбы і 113 тон сена. А яшчэ сіламі ААТ актыўна прыводзяць у парадак тэрыторыю ля абеліскаў і помнікаў воінам і мірным жыхарам – ахвярам вайны: высаджваюць дрэвы і кветкі, фарбуюць і рамантуюць. І гэта дастойнае праяўленне людской памяці.
Бяспека жыццядзейнасці – адно з галоўных пытанняў для ўлады. Прафілактыка любой бяды – крадзяжоў, п’янства, сямейнага гвалту, пажараў, сацыяльнага недабрабыту і ўтрыманства – у полі зроку суб’ектаў прафілактыкі, агляднай камісіі, участковых інспектараў РАУС, савета ГПАП, 47 вясковых “мэраў”, старшыні селькама і нават святароў. Агульнымі намаганнямі змаглі папярэдзіць многія надзвычайныя здарэнні, вектар злачыннасці летась істотна пайшоў уніз – 27 праяў, што на 19 менш, чым у 2020 годзе, а пажарная бяспека павысілася, зазначае Тамара Зубрыцкая.

 

Сельсавецкая вотчына надзвычай аб’ёмная. Справіцца з ёй дапамагаюць у тым ліку адказнасць, кампетэнтнасць і прафесіяналізм, зладжаная работа самой старшыні і яе калег па працы.
Нядаўна ў сельвыканкаме падвялі вынікі работы, падзякавалі за сумесную працу кіраўнікам арганізацый і ўстаноў, грамадскім памочнікам, вызначылі стартавыя пазіцыі для далейшага развіцця. І аднадушна выказаліся за тое, што іх сельсавет павінен заставацца тэрыторыяй клопату, чысціні і парадку, сацыяльнага камфорту і бяспекі жыцця.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Таццяны СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!