Тут любяць неба: на аэрадроме прайшлі выязныя заняткі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі
Групкі дзяцей, паветраныя баталіі і сеансы радыёсувязі ўжо даўно сталі традыцыйнымі атрыбутамі мерапрыемстваў каля ангара № 266, што на Шчучынскім аэрадроме. Так, нядаўна Іван Трыпуць і Генадзь Кіенка правялі выязныя заняткі для выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Акрамя шчучынцаў, у іх бралі ўдзел госці з Ліды, Гродна і Баранавічаў.
Прывіваць любоў да неба – менавіта такія мэты ставіць перад сабой пілот-інструктар Іван Трыпуць на занятках па авіямадэляванні. Падчас цікавай лекцыі ўсе жадаючыя змаглі падрабязна азнаёміцца з канструкцыяй эксперыментальнага планера. Вялікую цікавасць выклікала ў дзяцей дэманстрацыя асноўных сістэм кіравання паветраным сродкам.
Важнай часткай мерапрыемства сталі запускі авіямадэляў. “Бочка”, “васьмёрка”, “мёртвая пятля” і іншыя фігуры комплексу вышэйшага пілатажу можна было пабачыць у небе над аэрадромам. Авіямадэлізм – гэта ўнікальнае спалучэнне тэхнічнай творчасці, спорту і дызайну. Перад канструктарамі ставяцца нялёгкія задачы, бо кожная мадэль мусіць валодаць мінімальнай вагой і пры гэтым мець выдатныя аэрадынамічныя характарыстыкі.
Ніводны выезд на аэрадром не абыходзіцца без агляднай экскурсіі па некалі стратэгічным аб’екце. Дзякуючы цікавым расказам Івана Трыпуця можна даведацца пра гісторыю як ваеннай, так і малой авіяцыі нашага раённага цэнтра.
Сумесна з авіятарамі на аэрадроме дзейнічае клуб радыёаматараў. Пад кіраўніцтвам Генадзія Кіенкі дзеці мелі магчымасць папрацаваць з калектыўнай радыёстанцыяй EW4WE і выйсці на сувязь з Тамбовам, Казанню і Майкопам. Сваімі эмоцыямі ад радыёкантакту з замежнікамі падзяліўся васьмігадовы Усевалад Нікіфараў з Гродна:
– Цікава было перадаць прывітанне чалавеку з Тамбова, я пастараўся расказаць яму пра тое, як мы запускалі сёння авіямадэлі. Шчучынскі аэрадром – вельмі цікавае месца, спадзяваюся, што прыеду яшчэ калі-небудзь сюды на экскурсію.
– Радыёсувязь – гэта вельмі добрая магчымасць вучыць замежныя мовы, – адзначае Генадзій Кіенка. – Справа ў тым, што шчучынскія радыёаматары з ангара № 266 падтрымліваюць сувязь з рознымі куткамі свету. Асноўная мова падчас такіх радыёперамоў – англійская.
Вельмі радуе тое, што шчучынскі аэрадром працягвае жыць і збіраць аматараў авіяцыі. А дзякуючы выязным заняткам Івана Трыпуця і Генадзія Кіенкі можна з упэўненасцю сказаць, што ў Шчучыне любяць неба.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.